Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 мая 2020, 18:09

"Беллеспаперапрам" чакае паступовага аднаўлення попыту пасля аслаблення каранціну за мяжой

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беллеспаперапрам" чакае паступовага аднаўлення попыту на прадукцыю дрэваапрацоўкі пасля аслаблення каранцінных мер за мяжой. Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня канцэрна Міхаіл Касько.

"У адносна стабільнай сітуацыі ў I квартале арганізацыі канцэрна спрацавалі ўстойліва і нарасцілі экспартныя пастаўкі. На жаль, ужо да канца сакавіка ў сувязі з сітуацыяй у свеце, звязанай з пандэміяй, прадпрыемствы пачалі адчуваць негатыўныя тэндэнцыі на знешніх рынках. Уведзеныя каранцінныя меры, закрыццё граніц, гандлёвых цэнтраў і спыненне вытворчасцей літаральна паралізавалі дзелавую актыўнасць лесапрамысловага сектара", - сказаў Міхаіл Касько.

Паводле яго слоў, пераважная частка прадпрыемстваў "Беллеспаперапрама" арыентавана на экспарт, больш за 70 працэнтаў прадукцыі рэалізуецца на знешнія рынкі. "Відавочна, што падзеі, якія адбываюцца ў свеце, не маглі не паўплываць на іх знешнеэканамічную дзейнасць. На нашых асноўных рынках збыту - у краінах ЕС, Расіі - закрыліся мэблевыя магазіны, будаўнічыя гандлёвыя цэнтры, дзе рэалізоўваліся нашы тавары. Партнёры заявілі аб прыпыненні закупак. Праблемы на рынках з-за спынення шматлікіх прадпрыемстваў за мяжой закранулі не толькі вытворцаў мэблі і шпалераў, але і драўняных пліт, фанеры, кардонна-папяровай упакоўкі і іншых тавараў. Зніжэнне экспарту, безумоўна, акажа значны ўплыў на эканамічныя рэзультаты работы прадпрыемстваў, як мінімум, за красавік і май", - адзначыў старшыня канцэрна.

Шэраг еўрапейскіх і іншых краін паступова здымаюць абмежаванні, аслабляюць каранцінныя меры. Пачынаюць працаваць прадпрыемствы, адкрываюцца гандлёвыя цэнтры. "Спадзяёмся, сітуацыя зменіцца ў лепшы бок. Хоць мы разумеем, што хуткага аднаўлення аб'ёмаў продажаў не будзе. Прадукцыя, якую мы вырабляем, напрыклад, мэбля, не адносіцца да прадметаў крайняй неабходнасці. У такі час гэта тавары другараднага попыту, - звярнуў увагу Міхаіл Касько. - Страціўшы на нейкі час фінансавую стабільнасць, чалавек у першую чаргу плануе свой бюджэт на самае неабходнае для жыцця. Купля канапы або новай мэблі для кухні, хутчэй за ўсё, будзе адкладзена. Гэта датычыцца і многіх іншых тавараў, якія мы вырабляем, - тыя ж шпалеры, вокны, дзверы, будаўнічыя канструкцыі. Ажыўленне ў гэтым сектары адбудзецца не так хутка, як нам хацелася б".

Тым не менш, падкрэсліў ён, прадпрыемствы не збіраюцца пасіўна чакаць заказаў. "Трэба шукаць альтэрнатыўныя шляхі, займацца дыверсіфікацыяй вытворчасці і экспарту ў цэлым. Менавіта на гэта і нацэлены сёння кіраўнікі прадпрыемстваў канцэрна: вядзецца грунтоўная работа з усімі партнёрамі за мяжой, прымаюцца меры па выхаду на новыя гандлёвыя пляцоўкі", - расказаў старшыня "Беллеспаперапрама".

Прадпрыемствы з улікам цяперашняй сітуацыі перагледзелі графікі планавага рамонту, прафілактычнага тэхнічнага абслугоўвання і ўстаноўкі новага абсталявання. Мерапрыемствы, якія планаваліся на III-IV кварталы, праводзяць цяпер. "Пры гэтым захаваны ўсе працоўныя калектывы, ніякіх скарачэнняў і звальненняў у арганізацыях канцэрна няма", - падкрэсліў Міхаіл Касько.

Прадпрыемствы "Беллеспаперапрама" ў першым квартале паказалі ўстойлівую дадатную дынаміку работы. Аб'ём прамысловай вытворчасці склаў 110 працэнтаў да ўзроўню студзеня - сакавіка 2019 года. Тэмп росту прадукцыйнасці працы па дабаўленай вартасці склаўся вышэйшы за 103 працэнты. Тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг на аднаго сярэдняспісачнага работніка да аналагічнага перыяду мінулага года - большы за 111 працэнтаў. Экспарт вырас на 5 працэнтаў да $147 млн. З агульнага аб'ёму экспарту 50,5 працэнта прадукцыі рэалізавана на рынкі далёкага замежжа, што на 4,9 працэнта больш, чым у I квартале 2019 года. У краіны СНД адгружана прадукцыі на больш як $72 млн - гэта 105,1 працэнта да ўзроўню студзеня - сакавіка 2019-га. Рэнтабельнасць продажаў па канцэрне склала 4,8 працэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі