Фота з архіва
4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першыя здзелкі па экспарце мясных
субпрадуктаў у Азербайджан зарэгістраваны на Беларускай універсальнай
таварнай біржы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Паводле інфармацыі БУТБ, раней азербайджанскія ўдзельнікі ў асноўным куплялі на біржавой пляцоўцы піламатэрыялы і малочную прадукцыю, таму пашырэнне таварнай наменклатуры ў сегменце мяса і мясных вырабаў адкрывае новыя магчымасці для развіцця біржавога гандлю Беларусі і Азербайджана.
"Цяпер Азербайджан займае трэцяе месца пасля Расіі і Кітая па аб'ёме біржавога тавараабароту з Беларуссю. За 10 месяцаў бягучага года кампаніі з гэтай краіны заключылі біржавыя здзелкі больш як на $91 млн, перавысіўшы паказчык студзеня - кастрычніка мінулага года ў два з паловай разы. Прычым усё гэта быў экспарт беларускіх тавараў - пераважна прадукцыі дрэваапрацоўчай галіны, на якую прыпала 90 працэнтаў паставак. Рост біржавых продажаў звязаны перш за ўсё з пашырэннем кола пастаянных пакупнікоў з Азербайджана. Іх стала амаль у паўтара раза больш. Прыходу азербайджанскага бізнесу на біржу садзейнічаюць трывалыя гандлёва-эканамічныя сувязі паміж нашымі краінамі, адсутнасць моўнага бар'ера і магчымасць спрошчанай акрэдытацыі пры выкарыстанні механізма адрасных здзелак", - расказалі ў прэс-службе.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. Беларуская ўніверсальная таварная біржа - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.
Па стане на 1 лістапада 2024 года на БУТБ былі акрэдытаваны 132 рэзідэнты Азербайджана. Такім чынам, з пачатку года колькасць удзельнікаў таргоў з Азербайджана павялічылася на 41 кампанію.-0-