Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Беларусь зацікаўлена ў паглыбленні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Латвіяй - Румас

Эканоміка 25.07.2019 | 18:37
Сяргей Румас
Сяргей Румас

25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў паглыбленні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Латвіяй, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Латвія традыцыйна ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. У нас у апошнія гады добрая тэндэнцыя па росце тавараабароту: у 2018 годзе ён склаў ужо $583 млн. Лічу, што нам не трэба спыняцца: у нас ёсць вялікія перспектывы, нам ёсць што вам прапанаваць, ёсць напрацоўкі па паглыбленні нашага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Устойліва расце колькасць сумесных бізнес-праектаў, і, вядома, гэта дае нам магчымасць больш гібка рэагаваць на змяненні рыначнай кан'юнктуры і знаходзіць новыя формы сумеснай работы, - сказаў Сяргей Румас. - Хацеў бы таксама выказаць зацікаўленасць у прадаўжэнні канструктыўнай лініі Латвіі па ўмацаванні беларуска-еўрапейскага дыялогу і ўстараненні перашкод для актывізацыі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Еўрасаюза".

Прэм'ер-міністр таксама звярнуў увагу на тое, што ў дзвюх краін ёсць паспяхова рэалізуемы план мерапрыемстваў на сярэднетэрміновую перспектыву, які ўключае ўсе напрамкі супрацоўніцтва - ад лагістыкі да медыцыны. Ён прапанаваў развіваць супрацоўніцтва ў тым ліку ў транзітнай сферы і абазначыў перавагі такога ўзаемадзеяння, абумоўленыя геаграфічным становішчам краін-суседак.

Сяргей Румас таксама адзначыў перспектывы супрацоўніцтва з Латвіяй у сферы IT. "Сёння рэалізуецца праект па біяметрычных пашпартах, у якім латвійская кампанія прымае самы актыўны ўдзел. У нас створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця бізнесу ў Парку высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Не так даўно ў "Вялікім камені" адбыўся форум, у якім прыняла ўдзел прадстаўнічая дэлегацыя Латвіі. Гэта сведчыць аб цікавасці з вашага боку, і мы заклікаем латвійскіх бізнесменаў актыўней прыходзіць з праектамі на наш рынак", - падкрэсліў ён.

У мінулым годзе Беларусь і Латвія падпісалі пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. "Яно актыўна цяпер напаўняецца праектамі, у прыватнасці ў фармацэўтычнай сферы. Мы вядзём сумесныя даследаванні і рыхтуемся да вытворчасці запатрабаваных відаў лякарстваў", - дадаў прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас таксама пацвердзіў запрашэнне прэм'ер-міністру Латвіі наведаць Беларусь з візітам.

Чарговае пасяджэнне беларуска-латвійскай міжурадавай камісіі запланавана на кастрычнік 2019 года ў Мінску. "Думаю, што пасяджэнне міжурадавай камісіі дапаможа знайсці новыя падыходы ў сферы транспарту і лагістыкі, турызму і іншых сферах", - сказаў Эдгарс Рынкевічс.

Беларусь і Латвія пачалі падрыхтоўку да правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе. Міністр замежных спраў Латвіі звярнуў увагу на тое, што абмяркоўваецца арганізацыя спрошчанага ўезду для балельшчыкаў, якія хочуць наведаць спаборніцтвы і ў Мінску, і ў Рызе. Ён таксама адзначыў, што такія спартыўныя спаборніцтвы надаюць добры імпульс развіццю турызму ў абедзвюх краінах.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Латвіяй устаноўлены 7 красавіка 1992 года. Тавараабарот паміж краінамі ў 2018 годзе склаў каля $583 млн (рост на 32,9 працэнта да 2017 года), у тым ліку беларускі экспарт- $485,6 млн (рост на 38,8 працэнта). У студзені - маі 2019 года экспарт беларускіх тавараў у Латвію склаў $167,3 млн.

У 2018 годзе ў эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Латвіі на суму $107,5 млн, у студзені - сакавіку 2019-га - на $29,9 млн. у Беларусі працуюць 585 прадпрыемстваў з удзелам латвійскага капіталу. Латвійскія інвестары выказваюць цікавасць да рэалізацыі праектаў у сферы гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі, вытворчасці харчовай і іншай прадукцыі.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксе развіцця чалавека Штогадовыя глабальныя даклады аб чалавечым развіцці публікуюцца ПРААН з 1990 года.