Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 лютага 2017, 17:58

Беларусь з-за недапаставак нафты страціла ў студзені 1,5 працэнта ВУП - Кабякоў

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь з-за недапаставак нафты з Расіі страціла ў студзені 1,5 працэнта ВУП. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені 2017 года і меры па выхадзе на дадатную дынаміку росту эканомікі ў І квартале, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Належнага выніку мы пакуль не атрымалі. Удакладненыя лічбы ВУП па студзеню - 99,5 працэнта да студзеня 2016 года пры прагнозе, зацверджаным урадам на першы квартал, 99,6 працэнта. Адстаём на 0,1 працэнта", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Асноўная прычына, што ВУП меншы, чым у студзені 2016 года, - недапастаўка нафты з Расіі. "Мы перапрацавалі ў студзені нафты на 0,8 млн т менш, чым год таму. За кошт гэтага фактару страцілі 3,3 працэнтнага пункта ў прамысловасці, 4,5 працэнтнага пункта ў аптовым гандлі. У выніку мы страцілі 1,5 працэнта ВУП. Гэта значыць пры пастаўцы нафты на ўзроўні мінулага года ВУП быў бы 101 працэнт, - звярнуў увагу прэм'ер-міністр. - Не буду ўдавацца ў прычыны, але кампенсаваць такі адчувальны фактар у студзені пакуль мы не змаглі, хоць гэтым прадметна займаемся".

Тым не менш, адзначыў кіраўнік урада, сітуацыя ў прамысловасці выпраўляецца. Дынаміка мінулага года і студзеня 2017 года гэта пацвярджае (тэмп росту прамысловай вытворчасці ў студзені - 105,9 працэнта). З 13 секцый перапрацоўчай прамысловасці 10 паказалі рост. У студзені 2017 года тэмп росту вытворчасці трактароў склаў 110 працэнтаў да студзеня 2016 года, аўтобусаў - 215 працэнтаў, грузавых аўтамабіляў - 177 працэнтаў, кар'ерных самазвалаў - 120 працэнтаў, тэлевізараў - у 4,5 раза.

У студзені на 1,9 працэнта вырас аб'ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Вытворчасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) павялічылася на 1,8 працэнта, малака - на 3,9 працэнта. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці на 1 лютага 2017 года склалі 69,9 працэнта, што на 4,4 працэнтнага пункта ніжэй, чым у мінулым годзе на гэту дату.

"За першы месяц 2017 года інфляцыя склала 0,9 працэнта. Гэта ўвогуле здавальняюча пры прагнозе на І квартал 4,8 працэнта. Нагадаю, што ў студзені 2016 года інфляцыя была 1,9 працэнта", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, забяспечана стабільнае функцыянаванне ўнутранага валютнага рынку (чысты продаж валюты насельніцтвам за студзень склаў $131,4 млн). Пры гэтым захавана прывабнасць рублёвых дэпазітаў (прырост тэрміновых рублёвых дэпазітаў насельніцтва склаў Br105,7 млн, або 3,6 працэнта).

"Даступнасць крэдытаў вырасла. Сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах юрыдычным і фізічным асобам у беларускіх рублях (без уліку льготных) у студзені 2017 года знізілася яшчэ на 0,8 працэнтнага пункта і склала 19,7 працэнта гадавых, што ніжэй, чым у студзені 2016 года на 13,8 працэнтнага пункта. Гэта адчувальнае зніжэнне, але, як нядаўна мы дакладвалі кіраўніку дзяржавы, зразумела, хацелася б большага зніжэння ставак. Аднак гэта адбываецца па меры таго, як з'яўляюцца пэўныя ўмовы", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

З рэгіёнаў выйшлі ў студзені 2017 года на ўзровень 2016-га і выканалі прагноз першага квартала (па параметрах студзеня) Брэсцкая (102,2 працэнта), Гродзенская (101,7 працэнта) і Мінская (109,9 працэнта) вобласці. "З сямі рэгіёнаў тры поўнасцю выконваюць параметры, адставанне чатырох пакуль, на жаль, адчувальна", - заўважыў Андрэй Кабякоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі