Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 снежня 2019, 10:05

Беларусь і Швецыя абмяркоўваюць магчымасць бездазвольнай сістэмы аўтаперавозак

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка правёў рабочую сустрэчу з міністрам інфраструктуры Швецыі Томасам Энератам, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Швецыі.

Адзначаецца, што гэта сустрэча з'яўляецца першай афіцыйнай паміж кіраўнікамі гэтых галіновых ведамстваў дзвюх краін.

Аляксей Аўраменка звярнуў увагу на тое, што праблемных пытанняў у транспартнай галіне няма. Беларусь звязваюць з краінамі Скандынавіі цесныя і ўзаемавыгадныя эканамічныя адносіны. Разам з тым ёсць рэзервы для развіцця супрацоўніцтва.

"Усебаковы аналіз інфраструктуры двухбаковых адносін у галіне транспарту і лагістыкі ўказвае на істотныя рэзервы па развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Для нас вельмі важна фарміраванне транспартных зносін паміж Швецыяй і Беларуссю, што ў сваю чаргу будзе стымуляваць павелічэнне аб'ёмаў тавараабароту паміж дзвюма краінамі", - адзначыў беларускі міністр.

Абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сферы аўтамабільнага транспарту. Беларускі бок падкрэсліў, што на гэты час для выканання міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў паміж Беларуссю і Швецыяй ёсць дастатковая колькасць дазволаў. Пры гэтым для больш адкрытай канкурэнцыі на рынку міжнародных аўтамабільных перавозак, устаранення адміністрацыйных бар'ераў прапануецца разгледзець магчымасць перайсці на новы этап супрацоўніцтва. Ён прадугледжвае лібералізацыю міжнародных аўтамабільных перавозак і ўвядзенне бездавольнай сістэмы.

"Беларусь актыўна працуе ў гэтым напрамку, і падпісаны ўжо адпаведныя пагадненні са Швейцарыяй, Малдовай, а да канца года плануецца таксама з Украінай", - расказалі ў дыпмісіі.

У сувязі з гэтым было прапанавана правесці чарговае пасяджэнне Змешанай камісіі па міжнародных аўтамабільных зносінах у 2020 годзе ў Беларусі. У сваю чаргу Томас Энерат пацвердзіў, што камісія адбудзецца і эксперты двух ведамстваў змогуць абмеркаваць беларускую ініцыятыву.

Узнімалася і пытанне развіцця інтэрмадальных транспартных маршрутаў паміж Еўропай і Азіяй. Сёння чыгуначным транспартам беларускія кампаніі экспартуюць у Літву, Латвію і Эстонію тавары, якія потым праз балтыйскія парты паступаюць у Швецыю, Данію, Нарвегію і Фінляндыю. У сувязі з гэтым Аляксей Аўраменка сказаў: "Хачу пацвердзіць зацікаўленасць у сумеснай рэалізацыі праектаў, накіраваных на павелічэнне аб'ёмаў перавозак грузаў і тавараабароту з нашай краінай. БЧ гатова прапанаваць шведскаму бізнесу чыгуначны сэрвіс у зносінах Кітай - Еўропа - Кітай з задзейнічаннем патэнцыялу тэрмінала Калядзічы".

Беларуская дэлегацыя прапанавала правесці трохбаковую сустрэчу з латвійскім калегам і абмеркаваць магчымыя механізмы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва пры развіцці міжнароднага транспартнага калідора "Поўнач - Поўдзень" з улікам развіцця перавозак "Усход - Захад - Усход".

У цэлым бакі пацвердзілі зацікаўленасць у прапрацоўцы сумесных пунктаў супрацоўніцтва і гатоўнасць забяспечыць рэалізацыю праектаў з мэтай развіцця новых напрамкаў узаемадзеяння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі