Сцяг Пятніца, 23 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 лютага 2025, 16:20

Беларусь гатова пастаўляць у Свярдлоўскую вобласць тралейбусы, трамваі і пажарную тэхніку

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова пастаўляць у Свярдлоўскую вобласць (РФ) тралейбусы, трамваі і пажарную тэхніку. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч у час пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва Свярдлоўскай вобласці і Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод напрамкаў супрацоўніцтва - пастаўка пасажырскай, дарожнай, камунальнай і грузавой тэхнікі. "Добры прыклад супрацоўніцтва - гэта сумесны праект па абнаўленні тралейбуснага парку Екацярынбурга. Гатовы прадоўжыць пастаўку тралейбуснай тэхнікі, удзелім асаблівую ўвагу сэрвіснаму абслугоўванню. Разлічваем на рэалізацыю дамоўленасцей па мадэрнізацыі трамвайнага парку Екацярынбурга. Прапануем закупіць у Беларусі пажарную тэхніку і абсталяванне, якое не вырабляецца ў вашым рэгіёне. Усю машынабудаўнічую прадукцыю гатовы пастаўляць на выгадных фінансавых умовах з прадастаўленнем ільгот з боку ўрада Беларусі", - сказаў Віктар Каранкевіч.

Што датычыцца прамысловай кааперацыі, ён назваў праект, рэалізацыю якога неабходна паскорыць. "Праект знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве прамысловасці. Гэта распрацоўка дарожнай карты па кааперацыі ў галіне станкабудавання. Прапануем прыняць канчатковае рашэнне па гэтай тэме на сённяшнім пасяджэнні савета", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
Асаблівы акцэнт ён зрабіў на супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі. "Большасць турбін, якія выкарыстоўваюцца ў энергетычнай сістэме Беларусі, выраблена на Урале. Уся работа ў гэтым напрамку вядзецца праз прызму імпартазамяшчэння. Энергетыкі Беларусі і Свярдлоўскай вобласці адпрацуюць пытанні ўзаемных паставак рознага абсталявання, трансфарматараў, рэлейнай засцярогі і іншага энергетычнага абсталявання", - абазначыў Віктар Каранкевіч.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу. "Развіццю гэтага напрамку і ў Беларусі, і ў вашым рэгіёне ўдзяляецца вялікая ўвага. Мы гатовы, дзе гэта неабходна, падставіць плячо і актывізаваць свой удзел у праграмах развіцця сельскай гаспадаркі Свярдлоўскай вобласці. Спадзяёмся, што ў ходзе цяперашняга візіту ўзаемадзеянне пашырыцца ў тым ліку ў галіне падрыхтоўкі кадраў для АПК", - дадаў віцэ-прэм'ер.
Развіваецца і супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы, у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "З улікам сур'ёзных планаў па дарожным будаўніцтве, развіцці метрапалітэна ў Екацярынбургу, сумесная рэалізацыя праектаў у гэтых галінах можа вывесці гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва на новы ўзровень", - зрабіў акцэнт Віктар Каранкевіч.

Вопыт і кампетэнцыі холдынга "Белаўтадар" па будаўніцтве і рэканструкцыі дарог, развязак, маставых збудаванняў можа быць карысны пры мадэрнізацыі і будаўніцтве аб'ектаў дарожнай інфраструктуры ў Свярдлоўскай вобласці, звярнуў увагу ён.
Актыўна развіваецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. "У верасні 2024 года прайшлі Дні Екацярынбурга ў Мінску. У сакавіку бягучага года плануюцца Дні Мінска ў Екацярынбургу. Развіваюцца сувязі ў галіне навукі, адукацыі, спорту, культуры. Сярод новых тэм прапрацоўваем перспектывы правядзення сумесных даследаванняў, у тым ліку па ўдасканаленні тэхналогій вытворчасці парашковых і керамічных матэрыялаў, стварэнні перспектыўных сродкаў метралагічных назіранняў", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.-0-

Фота Мікалая Пятрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі