Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 верасня 2022, 14:03

Банк развіцця прафінансаваў экспартна арыентаваныя і імпартазамяшчальныя праекты на Br50 млн

26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банк развіцця за чатыры месяцы прафінансаваў 158 інвестыцыйных праектаў на агульную суму большую за Br50 млн, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе банка.

Са жніўня 2014 года Банк развіцця паспяхова рэалізуе праграму фінансавай падтрымкі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паступова ўкараняючы дадатковыя інструменты. "У красавіку гэтага года быў прадстаўлены новы крэдытны прадукт - "Стабілізацыйны". Ён накіраваны на рэалізацыю экспартна арыентаваных і імпартазамяшчальных інвестыцыйных праектаў. Прадугледжана беспрэцэдэнтна нізкая стаўка - 7,5 працэнта гадавых у беларускіх рублях. За час існавання крэдытнага прадукту прафінансавана ўжо 158 інвестыцыйных праектаў на агульную суму большую за Br50 млн", - расказалі ў банку.

Для пашырэння доступу да рэсурсаў зменены некаторыя ўмовы. У прыватнасці, абноўлены крытэрыі адбору суб'ектаў МСП, дзейнасць якіх прызнаецца экспартна арыентаванай або імпартазамяшчальнай, значна пашыраны пералік імпартазамяшчальных таварных пазіцый у адпаведнасці з таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС. Тавары, якія адносяцца да імпартазамяшчальных, дапоўнены пазіцыямі, якія вызначаны ў пастанове Міністэрства эканомікі ад 10 мая 2022 года нумар 9. Таксама пашырана мэтавае выкарыстанне крэдытных рэсурсаў: нараўне з фінансаваннем інвестыцыйнай дзейнасці прадастаўляецца магчымасць накіравання сродкаў на набыццё сыравіны і матэрыялаў, непасрэдна звязаных з раней прафінансаванымі затратамі па інвестпраекце.

ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" - спецыялізаваны фінансавы інстытут, створаны ў 2011 годзе. Яго заснавальнікамі з'яўляюцца Савет Міністраў і Нацыянальны банк. У ліку асноўных задач банка - фінансаванне доўгатэрміновых і капіталаёмістых інвестыцыйных праектаў пры рэалізацыі дзяржпраграм і мерапрыемстваў. Акрамя таго, банк аказвае крэдытную падтрымку айчыннаму экспарту, удзельнічае ў праграме развіцця малога і сярэдняга бізнесу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі