Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 красавіка 2019, 17:34

Ад інтэграцыі да нафтагазавай сферы - на нарадзе ў Лукашэнкі абмеркавалі супрацоўніцтва з Расіяй

11 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Узаемаадносіны Беларусі з Расіяй, у тым ліку існуючыя праблемныя пытанні, па якіх бакі вядуць перагаворы, разглядаліся на нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з эканамічным блокам урада. Аб гэтым па выніках мерапрыемства расказаў журналістам віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У ліку ўзнятых пытанняў была інтэграцыйная тэматыка і работа адпаведнай двухбаковай групы, абмежаванні расійскага боку адносна паставак беларускіх харчовых тавараў, тэма падатковага манеўру і перагавораў аб цане на газ з 2020 года. Узнімалася і пытанне рэгламентнага рамонтнага абслугоўвання нафтаправода, па якім праз Беларусь ажыццяўляюцца пастаўкі расійскай нафты.

"Кіраўніку дзяржавы было даложана аб шэрагу момантаў, якія звязаны з транспарціроўкай нафты па тэрыторыі Беларусі. Дзеючы нафтаправод, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі, функцыянуе, але мае патрэбу ў дадатковым рэгламентным абслугоўванні, таму што эксплуатуецца доўгі час. Былі пэўныя вывады нашых інжынераў і тэхнічных супрацоўнікаў, што гэты нафтаправод неабходна было закрыць на рэгламентныя рамонтныя работы яшчэ паўтара года таму", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Ён растлумачыў, што тады было прынята рашэнне не падводзіць партнёраў, а прымаць меры ў працэсе функцыянавання нафтаправода, каб не закрываць пэўныя ўчасткі. "Цяпер у сувязі з падыходамі, звязанымі з экалогіяй, элементамі зялёнай эканомікі, мы бачым, што ёсць моманты, якія мы не можам рэалізаваць і забяспечыць тэхнічнае абслугоўванне гэтага нафтаправода без пэўных участкаў, каб або абмежаваць, або перакрыць (транспарціроўку па іх. - Заўвага БЕЛТА). Нашы спецыялісты, інжынеры працуюць над гэтым. Гэта тэма таксама была ў полі зроку", - дадаў Ігар Петрышэнка.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, колькі часу можа спатрэбіцца на неабходныя рамонтныя работы, віцэ-прэм'ер сказаў, што адпаведныя вывады павінны зрабіць інжынеры і тэхнічныя работнікі, якія займаюцца эксплуатацыяй трубаправода. "У залежнасці ад таго, якія элементы, вузлы, агрэгаты неабходна абслужыць, - адзначыў ён. - Спецыялісты павінны правесці актыўныя кансультацыі для таго, каб нафтаправод функцыянаваў не на шкоду прыродзе нашай краіны і ўсе закантрактаваныя пастаўкі былі ажыццёўлены", - падкрэсліў ён.

Таксама на нарадзе абмяркоўвалася праблематыка па ўзаемадзеянні ў сферы энергетыкі. "Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як вядзецца перагаворны працэс па рэалізацыі дамоўленасцей, якія былі дасягнуты прэзідэнтамі дзвюх краін па ўзгадненні цэн на газ. У бягучым годзе цэны вызначаны, і мы павінны ўвайсці ў 2020 год з адпаведнымі дамоўленасцямі па цэнавых параметрах. Групы працуюць па лініі міністэрстваў энергетыкі, і яны павінны ў адпаведнасці з рашэннямі, прынятымі ў рамках групы высокага ўзроўню, падрыхтаваць прапановы да 30 красавіка", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, закраналася таксама пытанне, звязанае з рэалізацыяй некаторых аспектаў падатковага манеўру.

Акрамя таго, у цэнтры ўвагі была тэматыка паставак у Расію прадукцыі харчовай групы, у тым ліку плодаагародніннай, і тых абмежаванняў, якія ўводзяцца ў гэтым плане расійскім бокам. "Існуе пытанне функцыянавання без бар'ераў і абмежаванняў адзінай мытнай тэрыторыі, якая працуе ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, - адзначыў віцэ-прэм'ер. - Мы назіраем пэўныя абмежаванні. Гэта тэма таксама была на парадку дня па прычыне таго, што гэта пытанне разглядаецца як на двухбаковай пляцоўцы, так і ў рамках ЕАЭС".

Ігар Петрышэнка нагадаў аб сітуацыі з пастаўкамі ялавічыны на косці. Нягледзячы на закантрактаваныя аб'ёмы і наяўнасць адпаведнай пазіцыі ў балансах паставак, з боку Расіі ўводзяцца абмежаванні. Пры гэтым вядзецца размова аб пастаўках такога віду прадукцыі з іншых краін, якія не ўваходзяць у ЕАЭС.

Віцэ-прэм'ер выказаў надзею, што адпаведныя пытанні, звязаныя са зняццем бар'ераў і абмежаванняў па пастаўках харчовай прадукцыі, знойдуць сваё вырашэнне.

У цэлым Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што ўзаемаадносіны Беларусі са сваім стратэгічным саюзнікам і галоўным эканамічным партнёрам заўсёды знаходзяцца на парадку дня ўрада. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб тым, як вядзецца работа ў рамках беларуска-расійскай групы па падрыхтоўцы прапаноў па далейшым развіцці інтэграцыі: "Яшчэ раз была акцэнтавана ўвага, што дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з'яўляецца актуальным. Размова вядзецца аб тым, каб прыкласці дадатковыя намаганні, рэалізаваць у поўнай меры палажэнні праграмы".

"Мы ўсе гэтыя актуальныя тэмы абмеркавалі. Атрымалі шэраг даручэнняў кіраўніка дзяржавы, як нам адпрацоўваць у рамках інтэграцыйных пляцовак. У гэтым аспекце мы будзем прадаўжаць працаваць для таго, каб эканамічныя інтарэсы нашай краіны ва ўсіх інтэграцыйных фарматах былі пачуты, успрыняты. Тым больш, мы заўсёды гаварылі, што з'яўляемся заўзятымі прыхільнікамі інтэграцыйных працэсаў, паколькі ў нас іншага выйсця няма - мы краіна з адкрытай эканомікай. Усё гэта важна для функцыянавання нашых прадпрыемстваў і бізнесу", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі