Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 снежня 2020, 11:33

Забыты народны промысел роспісу па шкле прадставілі на выставе ў Брэсце

15 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У малой выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася выстава творчых работ народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай "Малюе сэрца - не рука, або Сардэчныя замалёўкі", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Выстава прымеркавана да 70-годдзя члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 40 работ, у асноўным роспіс па шкле. Марыя Кулецкая адрадзіла гэты амаль забыты і страчаны ўнікальны народны промысел. Малюнак у гэтай тэхніцы наносіцца з адваротнага боку пяром і тушшу. Абавязковы элемент такіх карцін - серабрыстая або залацістая фольга.

"Работы толькі на першы погляд здаюцца наіўнымі. На самай справе яны выкананы на высокім мастацкім узроўні, таму што Марыя Кулецкая ў першую чаргу мастак. Але ў гісторыю беларускага народнага мастацтва яна, на мой погляд, перш за ўсё ўвойдзе як майстар, які адрадзіў і захаваў для нашчадкаў роспіс па шкле. Яна адпраўлялася ў экспедыцыі па Пружанскім раёне, знаходзіла гэтыя "шклінкі-маляванкі", вывучала манеру, почырк і тэхніку малявання старых майстроў, невядомых народных мастакоў", - расказала загадчыца аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ Ларыса Быцко.

Марыя Кулецкая не капіруе традыцыйныя ўзоры, а стварае свае арыгінальныя творы. Многія з іх зроблены па матывах народных абрадаў і свят, характэрных для беларускай нацыянальнай культуры. Сюжэтамі для яе карцін на шкле служаць прыгажосць родных мясцін і людзі, якія жывуць на гэтай зямлі. Майстар натхняецца вобразамі праваслаўных свят і анёлаў.

Творчасць народнага майстра рознабаковая і шматгранная: акрамя роспісу па шкле, гэта яшчэ і жывапіс, саломапляценне, ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, выцінанка. Марыя Кулецкая - удзельнік і дыпламант шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, фестываляў і конкурсаў. Многія яе работы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Італіі. Чатыры карціны народнага майстра з Пружанскага раёна можна ўбачыць у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры.

Выстава работ Марыі Кулецкай у малой выставачнай зале Брэсцкага АГКЦ на вул. Савецкай прадоўжыцца па 27 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі