20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 20 красавіка адкрылася выстаўка "Магнацкія двары і замкі Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На выстаўцы ўпершыню прадстаўлена больш за два дзясяткі рэпрадукцый карцін беларускага ілюстратара Паўла Татарнікава. "Спачатку гэта экспазіцыя была у Нясвіжы, цяпер яна ў Мінску, - расказала загадчыца навукова-асветнага аддзела музея Валянціна Кароткіна. - Гэта наш партнёрскі праект. Экспазіцыя - іх пераносная выстаўка, якая "падарожнічае".
Арыгінальныя работы Паўла Татарнікава прадстаўлялі ў Нясвіжы некалькі гадоў таму. "І ўжо на аснове тых карцін стварылі такія рэпрадукцыі і кароткія натацыі з подпісамі, - дадала Валянціна Кароткіна. - Будзем спадзявацца, што зможам і ў далейшым выстаўляць работы Паўла Татарнікава. Хацелася б, вядома, арыгіналы, але гэта ўжо планы на будучыню. Можа, у наступным годзе паспрабуем гэта арганізаваць".
Павел Татарнікаў - сусветна вядомы беларускі жывапісец. У 2001 годзе ўдастоены ўзнагароды "Залаты яблык" (вышэйшая еўрапейская ўзнагарода для мастака-ілюстратара. - Заўвага БЕЛТА). Актыўна супрацоўнічае з беларускімі, еўрапейскімі, японскімі і кітайскімі і іншымі выдавецтвамі.-0-