Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 сакавіка 2019, 12:43

Выстаўка аб гісторыі і культуры беларусаў адкрылася ў Калінінградскай вобласці

26 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Выстаўка пад назвай "Зямля бацькоў - мая зямля", якая расказвае пра культуру і гісторыю беларускага народа, адкрылася ў горадзе Гвардзейску Калінінградскай вобласці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.

Экспазіцыю склалі сучасныя і захаваныя з пачатку мінулага стагоддзя нацыянальныя беларускія строі, хатнія рэчы і бытавыя прылады, вырабы майстроў прыкладнога мастацтва. На асобным стэндзе прадстаўлены архіўныя матэрыялы пра беларускія сем'і, якія перасяліліся ў рэгіён адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і кампактна пражывалі ў ваколіцах Гвардзейска, што меў да 7 верасня 1946 года назву Тапіау.

"Прадстаўленая экспазіцыя - чарговы этап разлічанага на ўвесь 2019 год маштабнага праекта "Беларуская культура: Самабытная. Містычная. Талерантная", - адзначылі ў дыпламатычнай місіі. - Ініцыятарам і арганізатарам праекта стала намеснік старшыні рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Калінінградскае зямляцтва беларусаў", кіраўнік установы культуры "Цэнтр культуры і вольнага часу па абслугоўванні гарадскога і сельскага насельніцтва" Гвардзейска Алена Коцарава".

Выступаючы на адкрыцці, кіраўнік калінінградскага аддзялення пасольства Беларусі ў Расіі Сяргей Малуноў падзякаваў жыхарам Гвардзейска - выхадцам з Беларусі за захаванне памяці аб роднай зямлі, беражлівыя адносіны да нацыянальнай культурнай спадчыны.

"Паводле задумы арганізатараў, экспазіцыя на працягу 2019 года пачаргова будзе выстаўляцца ва ўсіх пасяленнях Гвардзейскай гарадской акругі, дзе пражываюць выхадцы з Беларусі. Мяркуецца паступовае яе дапаўненне беларускімі экспанатамі, якія захаваліся ў жыхароў рэгіёна", - дадалі ў прэс-службе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі