Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 снежня 2021, 16:18

Вынікі міжнароднага дзіцячага конкурсу "Музыка надзеі" падведзены ў Гомелі

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падведзены вынікі XVIII Міжнароднага дзіцячага конкурсу "Музыка надзеі", заключны этап якога праходзіў у Гомелі з 6 па 10 снежня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Конкурс праводзіўся ў дзвюх узроставых групах (малодшая і старэйшая) па намінацыях "Драўляныя духавыя інструменты" і "Медныя духавыя і ўдарныя інструменты". Заключны этап конкурсу праходзіў на базе Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага.

"Вельмі рада, што традыцыі духавога мастацтва захоўваюцца. І не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах, - адзначыла дырэктар Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага Таццяна Пузырэнка. - У бягучым годзе ў Гомель для ўдзелу прыехалі звыш 100 чалавек, у тым ліку з Расіі. З Расіі таксама былі члены журы, якія разам з беларускімі калегамі высока ацанілі ўзровень майстэрства ўдзельнікаў".

Уладальнікам Гран-пры (намінацыя "Драўляныя духавыя інструменты") стала Сафія Крат з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дыпломамі I ступені ў малодшай узроставай групе ўзнагароджаны Кірыл Бурдзін (Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава), Сафія Вашкевіч (Рэспубліканская гімназія-каледж), Сухоцкі Сяргей (Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў). У старэйшай узроставай групе - Фёдар Громаў і Марыя Дзеева з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа.

У намінацыі "Медныя духавыя і ўдарныя інструменты" дыпломамі I ступені ў малодшай узроставай групе ўзнагароджаны Дамір Бандарэнка з дзіцячай музычнай школы мастацтваў нумар 1 імя П.І. Чайкоўскага ў Гомелі, Аляксандр Чыкоўскі з Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, Георгій Макаранка са Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў, Святаслаў Батальёнак з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа. Лаўрэатамі I ступені ў старэйшай узроставай групе сталі Іван Глаз (Рэспубліканская гімназія-каледж), Алесь Фаміч (Старабарысаўская дзіцячая школа мастацтваў).

Акрамя таго, былі ўзнагароджаны лепшыя выкладчыкі і канцэртмайстры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі