19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бягучым годзе будуць уведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі вежы Лідскага і Гальшанскага замкаў, якія пачнуць працаваць у верасні разам з музейнай экспазіцыяй. Аб гэтым заявіў журналістам у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі намеснік міністра культуры Сяргей Шарамецьеў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік міністра нагадаў, што ў Беларусі ў розныя часы існавала не менш як 150 замкаў са сваёй гісторыяй, архітэктурнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі. У дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей знаходзіцца больш за 15 замкаў і іх фрагментаў, а таксама каля 20 замчышчаў.
"Клопат пра замкі - гэта клопат дзяржавы аб сваім іміджы і будучым, які мы дэманструем Еўропе і свету. Бо, займаючыся мінулым, мы фарміруем будучае. Напрыклад, у рамках дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі", якая ажыццяўлялася ў 2012-2015 гадах, з рэспубліканскага бюджэту было накіравана Br8,8 млн, з мясцовага - Br8,8 млн і прыцягнутых сродкаў - каля Br1 млн. Фінансаванне такіх аб'ектаў з'яўляецца важным стратэгічным аспектам", - адзначыў Сяргей Шарамецьеў.
Паводле яго слоў, былі пачаты рэстаўрацыйныя работы над многімі аб'ектамі, пад рэстаўрацыяй маецца на ўвазе дэталёвае сур'ёзнае даследаванне, вывучэнне архіўных матэрыялаў і ўзважаныя рашэнні. У гэтым годзе асноўныя сродкі будуць накіраваны на завяршэнне аб'ектаў. "Сёння аб'ектам нумар адзін з'яўляецца рэстаўрацыя Старога каралеўскага замка ў Гродне і вяртанне яму рэнесанснага аблічча", - сказаў намеснік міністра.
Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што адзіны шлях па захаванні руінных і часткова захаваных аб'ектаў - гэта іх высокапрафесійная кансервацыя. Сяргей Шарамецьеў падкрэсліў, што мясцовыя ўлады, пачынаючы рэстаўрацыю пэўнага аб'екта, павінны прадумаць, для чаго гэта робіцца, хто туды прыйдзе і што людзі будуць глядзець. "Вельмі важна разумець, што мы фарміруем не толькі аб'ект, але і цалкам інфраструктуру вакол яго", - дадаў ён.
Намеснік міністра таксама паведаміў журналістам, што да канца года ў Мінску плануецца адкрыць корпус Нацыянальнага мастацкага музея на Карла Маркса, 24.-0-