
1 снежня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. У выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва 1 снежня адкрыецца выстава "Шлях да творчасці" мастачкі Веры Юрковай. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.
"У экспазіцыі сабрана больш за 70 работ - партрэты, пейзажы, жывапіс, станковая графіка, гарадскія матывы і афармленне мастацкай літаратуры, - падкрэслілі ў выставачнай зале. - Творы Веры Юрковай самабытныя, ад іх ідзе дабрыня і спакой, таму што іх аўтар - крыніца бясконцага пазітыву і натхнення. Мастак любіць і ведае Магілёў, а таксама людзей, якія жывуць у гэтым горадзе. Як чалавек глыбакадумны, творчы, яна перадае гэту любоў праз палотны".
Выяўленчае мастацтва для Веры Юрковай - спосаб жыцця. Сваю творчую дзейнасць яна пачала ў 1974 годзе. Творы аўтара знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, музеі гісторыі Магілёва, а таксама прыватных калекцыях.
Выстава Веры Юрковай прадоўжыцца ў Магілёве да 19 снежня.-0-