Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 снежня 2021, 10:47

У фінале конкурсу аматарскіх фільмаў у Полацку ўпершыню прадставяць работу з Кітая

9 снежня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Майстар-клас ад прафесійнага аператара, дэбютны ўдзел кітайскіх кінааматараў і сюрпрыз да паўвекавога юбілею анімацыі - такімі навінкамі парадуе ўдзельнікаў фінал рэспубліканскага конкурсу аматарскіх фільмаў "Я здымаю кіно". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала начальнік аддзела культуры Полацкага райвыканкама Алена Астапава.

У адкрытым конкурсе аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча, які пройдзе пяты раз у якасці рэспубліканскага і восьмы з моманту заснавання, будзе ўдзельнічаць 101 чалавек з чатырох краін. Аматары мастацкага, дакументальнага кіно і анімацыі з Беларусі, Расіі, Украіны і Кітая прадставяць на суд журы 178 работ. У фінал конкурсу выйшла дэбютная кінастужка ўдзельніка з Паднябеснай: на запрашэнне адгукнуўся жыхар Муданьцзяна, які з'яўляецца горадам - пабрацімам Полацка. Самую вялікую колькасць работ прадставяць айчынныя аматары найвялікшага з мастацтваў XX стагоддзя: з усіх абласцей Беларусі 73 удзельнікі прэзентуюць на суд журы і гледачоў 130 фільмаў.

Удзельнікі будуць спаборнічаць у сямі намінацыях, і ў кожнай з іх суддзі вызначаць пераможцаў у трох катэгорыях - дэбют, аматар і майстар. У кожнай намінацыі ўжо другі раз уручаць прыз сімпатый гледачоў: на сайце конкурсу ў канцы лістапада завяршылася галасаванне за фільм або ролік, які спадабаўся. Інтэрнэт-карыстальнікі пакідаюць і свае каментарыі пасля прагляду, прычым гэта не толькі жыхары краін - удзельніц конкурсу, але і аматары кіно з амаль 40 краін Еўропы і Азіі.

"Адна з асаблівасцей нашага конкурсу - навучальны складнік. Тут не толькі ацэньваюць творчыя работы, але і вучаць тонкасцям рэжысуры, напісання сцэнарыяў. У гэтым годзе ўпершыню пройдзе майстар-клас ад аператара Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". Свае займальныя ўрокі арганізуюць спецыялісты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Айчынная кінастудыя прадаставіць фільмы і мультфільмы для прагляду шырокаму колу гледачоў. У гэтым годзе іх галоўным лейтматывам стане ваенная тэматыка", - падзялілася Алена Астапава.

Яна дадала, што гасцей старажытнага беларускага горада азнаёмяць і з гісторыка-культурнай спадчынай Полацка: намечаны экскурсіі ў музеі, жаночы манастыр. У гэтым годзе наведаць сталіцу конкурсу аматарскіх фільмаў збіраюцца ўдзельнікі са Свярдлоўскай вобласці.

"На адкрыцці і закрыцці фінальнага этапу конкурсу зробім акцэнт на святкаванні 50-годдзя анімацыі. Аднак пакуль не раскрыем гэты сюрпрыз, аб ім змогуць даведацца тыя, хто прыедзе на конкурс і ўсё ўбачыць сам", - захавала інтрыгу Алена Астапава.

Арганізатары запрашаюць гледачоў на адкрыццё фіналу ў цэнтр культуры "Полацк" 10 снежня ў 16.00. Майстар-класы з вядучымі рэжысёрамі, сустрэчы з прафесіяналамі кінамастацтва пройдуць 11 снежня. Уваход на мерапрыемства свабодны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі