Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 лютага 2022, 09:59

У Дзень закаханых вялікая зала БАТД ператворыцца ў літаратурна-музычную гасцёўню

14 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы спецыяльна ў Дзень закаханых прэзентуе аматарам класічнай музыкі канцэрт "Мроі кахання", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырыжор Аляксандр Сасноўскі.

Звычайна, "аркестравы" дзень у БАТД - аўторак. На гэты раз музыканты вырашылі зрабіць выключэнне і сыграць канцэрт у Дзень закаханых, 14 лютага. Назву для незвычайнага вечара ўзялі ў накцюрна Ферэнца Ліста "Мроі кахання".

"Гэта будзе не проста канцэрт, а музычна-літаратурная кампазіцыя - з дыялогамі вядучых, якія будуць чытаць вершы і ўрыўкі прозы. Праграма будзе ісці нон-стоп, без аб'яўлення нумароў. У аркестра на пультах будуць лямпачкі - зроблена яшчэ і светлавая партытура. Значыць, гэта будзе прыгожы монаспектакль. Увядзём усіх у атмасферу кахання і пяшчоты", - паабяцаў Аляксандр Сасноўскі.

Вечар з аднаго вялікага аддзялення складаецца з шэдэўраў класічнай музыкі. Публіка пачуе па-дэ-дэ з балета "Шчаўкунок" і элегію памяці І.В. Самарына Пятра Чайкоўскага, вальс Ніны Анатоля Багатырова з музыкі да драмы М. Лермантава "Маскарад" і вальс з оперы "Мядзведзь" Сяргея Картэса. У праграме таксама - накцюрн Габрыэля Фарэ "Сіцыліяна" з сюіты да драмы Метэрлінка "Пелеас і Мелізанда", "Сумны вальс" Яна Сібеліуса, танга "Аблівіён" Астара Пьяццоллы і іншыя творы.

"У канцы вечара гледачоў чакае сюрпрыз: малады артыст тэатра, вядучы канцэрта Іван Кароль выканае знакамітую "Вечнае каханне" з кінафільма "Тэгеран-43". Думаю, гэты шлягер на ўсе часы і гэты нумар нікога не пакіне абыякавым", - праанансаваў Аляксандр Сасноўскі.

Наступная сустрэча з сімфанічным аркестрам Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы запланавана на першы дзень вясны, 1 сакавіка. Слухачоў чакае праграма "Вясна ў Jazz-авых танах" з удзелам папулярнага ў Беларусі джазавага музыканта Віталя Ямуцэева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі