Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 лістапада 2018, 10:53

Сусветныя прэм'еры прагучаць на форуме класічнай музыкі ў Гомелі

28 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. IV форум класічнай музыкі "Усход-Захад" пройдзе ў Гомелі ў снежні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дзяржустанове "Гомельскія гарадскія аркестры".

Для аматараў класікі арганізатары мерапрыемства рыхтуюць музычныя сюрпрызы, аб'яднаныя тэматыкай "Усход-Захад". Адкрые форум канцэрт "Велічнае барока", які пройдзе ў каледжы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага 2 снежня. У праграме - шэдэўры барочнага і класічнага рэпертуару ў выкананні флейтыста Аляксея Юрынка, габаіста Сяргея Тумаркіна і скрыпачкі Кацярыны Пукст - адных з лепшых інструменталістаў Беларусі. Пад сімфанічны акампанемент салісты выканаюць творы І. Баха, Г. Гендэля, А. Вівальдзі і інш.

Сусветныя прэм'еры прагучаць на другім канцэрце форуму "Чароўнасць Усходу" 13 снежня. У гэты вечар гамяльчане і госці горада пачуюць вакальна-сімфанічныя сачыненні, якія раней не выконваліся, заснавальнікаў айчыннай кампазітарскай школы Васіля Залатарова і Мікалая Чуркіна на тэмы сярэднеазіяцкага Усходу. "Спецыяльна да форуму наш сучаснік Уладзімір Браілоўскі рыхтуе аранжыроўку камерна-вакальнага цыкла "На берагах Ісык-Куля" - аднаго з лепшых нявыдадзеных сачыненняў", - расказалі ў дзяржустанове.

Запамінальнай падзеяй для гомельскай публікі стане ўдзел у канцэрце народнай артысткі Беларусі, салісткі Вялікага тэатра Ніны Шарубінай, а таксама вакалістаў Юліі Мухі і Аляксандра Кустава. Прыемны бонус для меламанаў - выкананне папулярных усходніх мелодый П. Чайкоўскага ("Арабскі танец" з балета "Шчаўкунок"), М. Рымскага-Корсакава (фрагменты сімфанічнай сюіты "Шэхеразада") і інш.

Заключным акордам форуму стане праграма "Фартэпіянны бляск". 23 снежня ўпершыню на гомельскай сцэне прагучаць адразу чатыры двайныя фартэпіянныя канцэрты І. Баха, В. Моцарта і Ф. Пуленка. Гледачоў парадуюць шэсць салістаў-піяністаў на чале з Народным артыстам Рэспублікі Беларусь Ігарам Алоўнікавым. Сярод салістаў - лаўрэаты міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, выпускнікі і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Кароціна, Ілья Пятроў, Таццяна Кім, Марыя Мацвіеўская і Алена Навуменка.

Форум класічнай музыкі - яркая падзея ў культурным жыцці абласнога цэнтра. Па традыцыі ў час серыі снежаньскіх канцэртаў вядомыя класічныя музыканты сумесна з Гомельскімі гарадскімі аркестрамі выконваюць шэдэўры акадэмічнага музычнага мастацтва.

Мэта творчага форуму - папулярызацыя класічнай музыкі, даступнасць яе шырокім масам. I форум класічнай музыкі прайшоў у абласным цэнтры ў 2015 годзе. Пастаянны арганізатар - дзяржаўная ўстанова "Гомельскія гарадскія аркестры". Аўтар і мастацкі кіраўнік праекта - галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Гомеля Мурад Асуіл.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі