Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 ліпеня 2020, 11:22

Сучасную жанчыну ўзбагачаюць духоўнасць і культура - дырэктар музея

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Культура і духоўнасць узбагачаюць сучасную жанчыну, а творчыя сустрэчы, вывучэнне мастацтва і літаратуры даюць магчымасць ёй расці прафесійна і дабівацца поспехаў ва ўсіх сферах жыцця. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава, якая стала пераможцай конкурсу "Жанчына года - 2019" у намінацыі "Духоўнасць і культура".

"Вельмі люблю сваю работу, для мяне яна ў радасць, бо гэта частка майго жыцця, - падзялілася Галіна Ладзісава. - Лічу, што музей - гэта тое месца, дзе духоўнасць і культура злучаны ў найвышэйшай ступені. Менавіта гэта ўзбагачае сучасную жанчыну. Хацелася б, каб яна мела як мага больш магчымасцей і жаданне наведваць музеі, творчыя сустрэчы, цікавіцца літаратурай і мастацтвам. Гэта дапамагае адбыцца жанчыне і ў прафесіі, і ў жыцці ў цэлым".

Сваю прафесійную дзейнасць у сферы культуры дырэктар музея пачала ў 1985 годзе. Яна атрымала дзве адукацыі: першая - педагагічная, другая - культуралагічная. Любоў да экскурсій, падарожжаў, знаёмства з артэфактамі прыйшла да яе яшчэ ў час вучобы. На выбар прафесіі ў тым ліку аказала ўплыў і малая радзіма - Полацк, які лічыцца калыскай беларускай культуры. У прафесійнай біяграфіі Галіны Ладзісавай - вопыт работы ў Сафійскім саборы, удзел у стварэнні Музея беларускага кнігадрукавання.

"У большай ступені па рабоце мне даводзіцца кантактаваць з жанчынамі, бо ў асноўным музейныя калектывы - гэта жаночыя калектывы. Сярод творчых людзей нямала прадстаўніц прыгожага полу. Несумненна, мая ўзнагарода - гэта агульная заслуга ўсіх маіх калег, - сцвярджае кіраўнік музея. - Лічу, што мне з імі пашанцавала. У 2010 годзе, калі наш музей адкрыўся, нас было няшмат - літаральна пяць чалавек. Гэта былі маладыя калегі, якія толькі скончылі ўніверсітэт. Агульнымі намаганнямі мы выбудоўвалі музейную прастору, якая ў наш час стала даволі вялікай".

Дабіцца поспеху ў любой справе, на думку Галіны Ладзісавай, зможа жанчына, якая валодае такімі рысамі, як адказнасць, энергічнасць, сацыяльная актыўнасць, прынцыповасць і моцны творчы пачатак. Пры гэтым выдатнай матывацыяй для прадстаўніц прыгожага полу з'яўляецца шчаслівая сям'я. "Я ганаруся сваімі роднымі, падзяляю з імі захапленні і погляды на жыццё. Мой муж - мастацтвазнавец і мастак - таксама працуе ў музеі. Сын і яго жонка таксама ў нейкай ступені звязаны з мастацтвам. Яны працуюць у сферы дызайну. Сям'я і работа - два галоўныя складнікі ў жыцці. Калі яны дапаўняюць адзін аднаго - гэта шчасце і гармонія", - рэзюмавала лаўрэат конкурсу "Жанчына года - 2019".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі