Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 студзеня 2020, 11:10

Станіславу Жукоўскаму прысвячаецца - выстава работ міжнародных пленэраў адкрыецца ў Гомелі

22 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава работ міжнародных жывапісных пленэраў, прысвечаных акадэміку Станіславу Жукоўскаму, адкрыецца 30 студзеня ў Гомелі ў палацы Румянцавых і Паскевічаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

У экспазіцыі прадставяць карціны, створаныя мастакамі з Беларусі, Расіі, Узбекістана ў час пленэраў у сядзібе "Жураўлінае" ў Брэсцкай вобласці, у Выбаргу, Смаленску, музеі-сядзібе "Архангельскае".

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі растлумачылі, што правядзенне пленэраў жывапісу, прысвечаных "спеваку рускай сядзібы" Станіславу Жукоўскаму, стала ўжо традыцыяй. Пленэры арганізуюць для падтрымкі прафесійнага выяўленчага мастацтва, з'яднання майстроў розных сфер мастацтва і літаратуры з розных краін, папулярызацыі творчасці майстра лірычнага пейзажа Станіслава Жукоўскага.

На адкрыцці ў Белай гасцёўні палаца выступяць спявачка, кампазітар, аўтар-выканаўца Вольга Галубцова і піяністка Злата Раманчук. Прагучаць і вершы ідэйнага натхняльніка выставы Валерыя Выбаржаніна. І, вядома, наведвальнікі, дзякуючы работам мастакоў, змогуць пападарожнічаць па маляўнічых мясцінах.

Станіслаў Жукоўскі (1873-1944) - выдатны пейзажыст канца XIX - першай трэці ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ў вёсцы Ендрыхаўцы (Гродзенская вобласць). Мастацкую адукацыю атрымаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзе стаў вучнем і паслядоўнікам Ісаака Левітана. У 1907 годзе ўдастоены звання акадэміка Імператарскай акадэміі мастацтваў. Творчасць Станіслава Жукоўскага прасякнута тэмай сядзібы, на яго палотнах - паркі, пабудовы сядзіб, куткі інтэр'ераў са старадаўняй мэбляй, адкрытыя ў сад вокны. Свае пейзажы ён ствараў на пленэрах і наогул шмат пісаў з натуры.

Выстава работ міжнародных жывапісных пленэраў, прысвечаных Станіславу Жукоўскаму, будзе працаваць па 15 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі