Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 чэрвеня 2021, 10:37

Сімфанічны аркестр БАТД завяршае сезон музычным спектаклем пра Уцёсава

29 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы 29 чэрвеня завяршае канцэртны сезон музычным спектаклем "Леанід Уцёсаў. З песняй па жыцці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Музычны спектакль у дзвюх дзеях пра жыццё і творчасць вялікага артыста ў Брэсце планавалі паставіць яшчэ восенню мінулага года - да 125-годдзя з дня нараджэння Леаніда Уцёсава. Але пандэмія ўнесла карэктывы ў планы і пастаноўку давялося адкласці.

Гэта сумесны праект сімфанічнага аркестра БАТД і канцэртнага аркестра "Няміга", у ім таксама заняты музыканты аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Аўтар праекта - музычны кіраўнік і дырыжор Аляксандр Сасноўскі, рэжысёр-пастаноўшчык - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Козак.

У спектаклі ўдзельнічаюць салістка Вялікага тэатра Беларусі заслужаная артыстка Алена Сало, лаўрэаты конкурсу "Маладыя таленты Беларусі" Антон Карчэўскі, Кірыл Кучынскі і Ганна Манжурава. У праграме заняты і акцёры тэатра. Так, вядучы майстар сцэны Сяргей Пяткевіч выканае два нумары з рэпертуару Уцёсава. Таксама прагучаць такія хіты, як "У Черного моря", "Московские окна", "Как много девушек хороших", "Случайный вальс", "Все хорошо, прекрасная маркиза", "Золотые огоньки" і іншыя творы.

Усе білеты на доўгачаканую прэм'еру даўно раскуплены. З-за спецыяльнай рассадкі гледачоў будзе запоўнена толькі палавіна Вялікай залы тэатра. "Я спадзяюся, што з надыходам лепшых часоў мы вернемся да гэтага праекта, таму што ён патрэбны, цікавы. Гэта і асоба легендарная, і музыка для людзей", - адзначыў Аляксандр Сасноўскі.

Спектаклем "Леанід Уцёсаў. З песняй па жыцці" сімфанічны аркестр БАТД развітаецца з публікай да канца верасня. Новы 29-ы канцэртны сезон адкрыецца гала-канцэртам з твораў Пятра Чайкоўскага. У праграме - першы фартэпіянны канцэрт, арыі і рамансы з опер, а таксама першае выкананне ў Брэсце знакамітай уверцюры кампазітара "1812 год".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі