Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лютага 2021, 09:04

Шамякін і Мележ ачалавечылі сацыялістычны рэалізм - літаратуразнавец

9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Іван Шамякін і Іван Мележ ачалавечылі сацыялістычны рэалізм. Аб гэтым заявіў літаратуразнавец, літаратурны крытык і даследчык творчасці Івана Шамякіна і Івана Мележа Яўген Гарадніцкі на адкрыцці літаратурна-дакументальнай экспазіцыі "Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц..." да 100-годдзя з дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У прозе яны былі не толькі традыцыяналістамі, але і наватарамі, адкрывалі новыя магчымасці. У нашу нацыянальную прозу Іван Мележ зрабіў вялікі ўклад. Для яе ў цэлым важныя характары, сітуацыі, але не менш значна і тое, як аб гэтым расказваецца. Пісьменнік увёў вельмі выразна дыскурс ад трэцяй асобы. У яго голас аўтара зліваецца з галасамі герояў. Творчасць Івана Шамякіна таксама мела свае наватарскія рысы, напрыклад, псіхалагізм. Гэтыя класікі ачалавечылі сацыялістычны рэалізм. Цікавасць да чалавека, да яго пачуццяў, перажыванняў, думак - гэта тое, чым вылучаецца творчасць нашых класікаў", - адзначыў Яўген Гарадніцкі.

Літаратары яшчэ пры жыцці сталі класікамі, абодва народныя пісьменнікі Беларусі, абодва нарадзіліся на Палессі. Спіс агульнага, што звязвала Шамякіна і Мележа, можна прадаўжаць доўга. А літаратурна-дакументальная экспазіцыя дапаможа даведацца аб гэтым намнога больш. Іван Мележ пакінуў нам легендарную "Палескую хроніку" ("Людзі на балоце", "Подых навальніцы", "Завеі, снежань"), а творы Івана Шамякіна "Трывожнае шчасце", "Сэрца на далоні", "Вазьму твой боль", як і раней, адгукаюцца ў сэрцах чытачоў.

У аснове экспазіцыі - успаміны Івана Шамякіна "Палёт над Палессем", прысвечаныя Івану Мележу. Яны надрукаваны ў кнізе "Карэнні і галіны". На цэнтральнай сцяне арганізатары стварылі мастацкую кампазіцыю з выявамі класікаў.

На выстаўцы прадстаўлены партрэты і фатаграфіі беларускіх пісьменнікаў, графічныя работы вядомых мастакоў Арлена Кашкурэвіча, Наталлі Паплаўскай да твораў пісьменніка, эпісталярыі, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі. "Сёння на выстаўцы мы прадставілі жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў. Усе экспанаты ўзяты з музейных фондаў. Яны збіраліся доўгія гады нашымі супрацоўнікамі, у тым ліку дзякуючы сваякам Івана Шамякіна. Пачынаючы з 2004 года сям'я перыядычна перадавала ў нашы фонды прадметы, звязаныя з пісьменнікам", - падкрэслілі арганізатары.

"Гэтай экспазіцыяй мы даём старт цыклу мерапрыемстваў, прысвечаных двум вядомым пісьменнікам. Ужо 18 лютага ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі будзе прэзентавана яшчэ адна літаратурна-дакументальная выстаўка, прысвечаная Івану Шамякіну. Таксама матэрыялы з фонду музея будуць прадстаўлены ў Прэзідэнцкай бібліятэцы і ў Міністэрстве замежных спраў. Гэта дасць магчымасць прадставіць Івана Шамякіна і Івана Мележа як палітычных і грамадскіх дзеячаў", - расказалі арганізатары.

Наведаць выстаўку можна да 16 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі