Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 сакавіка 2020, 18:32

Новую залу адкрылі ў Слаўгарадскім гісторыка-краязнаўчым музеі

23 сакавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Новая зала "Археалогія і прырода" адкрылася ў Слаўгарадскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала дырэктар установы культуры Святлана Мельянцова.

"Дэманстрацыйная зала ўключае ў сябе некалькі раздзелаў. Адзін з іх - "Археалагічныя помнікі Слаўгарадскага раёна. Гісторыя даследавання". Тут прадстаўлена карта археалагічных помнікаў раёна, фатаграфіі археолагаў, якія працавалі на слаўгарадскай зямлі. Экспануецца і разнастайная тэматычная літаратура", - адзначыла яна.

Яшчэ адзін блок прысвечаны каменнаму і бронзаваму вякам. У ім дэманструюцца сякеры, наканечнікі стрэл, рэканструкцыя керамічнага посуду эпохі неаліту. Рэканструяваны таксама лучковы дрыль, розныя рыбалоўныя, паляўнічыя і бытавыя прылады - касцяныя рыбалоўныя кручкі, гарпун, іголкі і шпількі. Раздзел "Жалезны век" прадстаўлены аб'ёмнай рэканструкцыяй паселішча таго часу, рознымі відамі пасечнага земляробства і прадметамі ўзбраення. Тэматычны блок пра жыццё старажытных славян дэманструе ганчарныя ёмістасці, кавальскія інструменты, бытавыя рэчы, сельскагаспадарчыя і дрэваапрацоўчыя прылады. У раздзеле пра прыроду можна ўбачыць жывёл, рыб і расліны, якія насяляюць і растуць на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна.

У афармленні пастаяннай экспазіцыі выкарыстаны разнастайныя інфармацыйныя планшэты, дыярама прыроды і графічныя работы. "Тут ёсць вялікі макет-рэканструкцыя Слаўгарадскага гарадзішча. Ён цалкам уручную зроблены вучнямі 9-га класа адной са школ горада пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка музея Веры Стасенка. Гэта была навуковая работа хлопцаў і дзяўчат. Цяпер яна будзе паказваць гасцям, якім быў горад шмат стагоддзяў таму. А на сцяне за макетам размясціўся банер з сучасным выглядам гэтага месца. Можна ўбачыць усю панараму сучаснага Слаўгарада", - расказала дырэктар.

Акрамя новай пастаяннай экспазіцыі, у музеі працуюць залы этнаграфіі, Вялікай Айчыннай вайны і выставачная зала.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі