Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 снежня 2020, 15:33

Новая серыя мультсерыяла "Каманда 99" раскажа аб правільнай утылізацыі батарэек

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўная ўстанова "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" і беларускія аніматары выпусцілі новую серыю экалагічнага мультсерыяла "Каманда 99" пад назвай "Няказачная энергія". Аб гэтым паведаміла БЕЛТА прадстаўнік гомельскай анімацыйнай студыі Chin Up Таццяна Дабрыян.

На гэты раз героі раскажуць гледачам, як і навошта правільна ўтылізаваць выкарыстаныя батарэйкі. Вынаходлівыя яноты Ківі, Лімон і Ежавіка адправяцца разам з гледачамі ў казку, дзе ў іх дапамозе мае патрэбу адна вядомая бабуля - Баба Яга-Суслікавая нага. Але просты працоўны дзень ператвараецца ў гарачую бітву.

"Гадзіннік, дзіцячыя цацкі, шалі - гэта толькі частка прадметаў з батарэйкамі, якія ёсць у кожнага ў доме. Калі не сартаваць асобна батарэйкі, а адпраўляць іх у агульнае смецце, то небяспечныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў іх, могуць забрудзіць навакольнае асяроддзе і паўплываць на здароўе чалавека. А элементы сілкавання, выкінутыя правільна - у спецыяльныя кантэйнеры, ідуць на перапрацоўку і дзякуючы гэтаму прыносяць не шкоду, а карысць", - сказала Таццяна Дабрыян.

Убачыць новую серыю можна на YouTube-канале target99 Belarus, дзе размешчаны ўсе папярэднія серыі мультсерыяла. Паводле сюжэту, кожны дзень яноты адпраўляюцца на заданне міжпланетарнага маштабу. Іх чакаюць сустрэчы з небяспечнымі монстрамі, якія з'явіліся ў выніку няправільнага сартавання і ўтылізацыі адходаў. Сваімі ведамі і ўменнямі героі экалагічнага дэтэктыва дзеляцца з гледачамі. Задача мультфільма - прывіць дзецям і дарослым веды і звычкі ў абыходжанні з адходамі на ўзроўні асабістай гігіены.

Паводле слоў дырэктара ўстановы "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" Наталлі Грынцэвіч, ва ўсіх жыхароў Беларусі ёсць магчымасць выкінуць выкарыстаныя элементы сілкавання без шкоды для прыроды. "Кантэйнеры для збору ўстаноўлены ў магазінах крокавай даступнасці, дзе ёсць у продажы батарэйкі. Калі дарослыя не заўсёды прытрымліваюцца правіл бяспечнага абыходжання з адходамі, то дзеці абавязкова на іх паўплываюць, паглядзеўшы новую серыю нашага мультфільма "Каманда 99", - сказала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі