Сцяг Нядзеля, 24 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 снежня 2011, 12:12

Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый" удастоена Ірына Відава

13 снежня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва (намінацыя - "Прыз глядацкіх сімпатый") па выніках тэлефоннага і інтэрнэт-галасавання ўдастоена выканаўца Ірына Відава (кампазіцыя "Апошні раз"). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне", што выступае адным з арганізатараў прэміі, Настасся Савіцкая.

Сярод фаварытаў гледачоў таксама група Las Vegas з песняй "Лячу" (2-е месца) і Аляксей Хлястоў з песняй "Неба ў асколках" (3-е месца). Акрамя таго, у дзясятку найбольш папулярных артыстаў, на думку гледачоў, увайшлі Дзмітрый Калдун ("Караблі"), Ганна Шалюціна ("Chiliboba"), Аляксандр Патліс ("Hello"), ProSSpekt ("Альфа і Амега"), Litesound ("If You Love Me"), Віталь Гардзей ("Дазволь мне проста быць"), Вікторыя Алешка ("За цябе").

Вынікі прэміі будуць падведзены сёння вечарам у Палацы Рэспублікі, дзе адбудзецца вялікі гала-канцэрт. Пераможцы будуць названы ў намінацыях "Лепшая песня года", "Лепшы жаночы вакал", "Лепшы мужчынскі вакал", "Лепшая музычная група", "Адкрыццё года", "Лепшы аўтар музыкі", "Лепшы аўтар слоў", "За ўклад у развіццё беларускай эстрады", "Лепшая песня на беларускай мове", "Лепшы альбом года", "Лепшы канцэрт года", "Лепшы кліп года", "Лепшы журналіст (музычны крытык)", "Лепшы прадзюсар", "Лепшы гастрольны тур", "Зорачка года" (лепшы юны выканаўца).

Лаўрэатам будуць уручаны спецыяльныя прызы, дыпломы і грашовыя прэміі. Памер грашовай прэміі вар'іруецца ад 62 да 95 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.). Дызайн статуэткі, якую ўручаць пераможцам, распрацаваў скульптар Андрэй Хацяноўскі, які працаваў над узнагародамі Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня". Статуэтка арганічна спалучае ў сабе музычную сімволіку, зорку як сімвал эстрады і беларускія арнаменты.

Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва будзе ўручана ў Беларусі ўпершыню. Адным з яе арганізатараў з'яўляецца Міністэрства культуры.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі