Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лютага 2021, 14:08

Народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Пятрову спаўняецца 65 гадоў

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народнаму артысту Беларусі салісту Вялікага тэатра оперы і балета Уладзіміру Пятрову спаўняецца 65 гадоў.

Артыст нарадзіўся 3 лютага 1956 года ў расійскім Чэлябінску, куды сям'я пераехала ў час вайны. Тут ён скончыў школу і паступіў у Омскі мантажны тэхнікум. Пасля заканчэння вучобы пайшоў у армію.

Уладзімір Пятроў захапіўся музыкай яшчэ ў школьныя гады, а апынуўшыся ў арміі, стаў удзельнікам ансамбля, самастойна вывучаў сальфеджыа і ў самаволку рэгулярна наведваў філармонію.

Адслужыўшы ў арміі, паступіў ва Уральскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.П. Мусаргскага ў Екацярынбургу. Пасля заканчэння трапіў у Омскі музычны тэатр, у якім прапрацаваў амаль 7 гадоў. Там ён асвоіў розныя жанры - оперу, аперэту, мюзіклы, балет. Паводле слоў Пятрова, Омск стаў для яго вялікі школай.

У той час ён удзельнічаў у розных конкурсах, і на адным з іх пазнаёміўся з Сяргеем Косціным, былым дырэктарам Беларускага музычнага тэатра, які запрасіў яго працаваць у Мінск. Пятроў з задавальненнем пагадзіўся.

Ключавой операй у сваёй кар'еры Уладзімір Пятроў лічыць "Яўгена Анегіна". Менавіта яе ён першай развучваў у Свярдлоўскай кансерваторыі, спяваў у Омску і ў вобразе Анегіна ўпершыню выйшаў на сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў кастрычніку 1992-га.

Высакароднасць тэмбру, прыгажосць і сіла голасу, арыстакратычнае аблічча ў спалучэнні з талентам сцэнічнага пераўвасаблення садзейнічалі хуткаму поспеху артыста ў публікі і крытыкаў. Ён з'яўляецца лаўрэатам прэстыжных міжнародных вакальных конкурсаў, у тым ліку I Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў імя М.Рымскага-Корсакава ў Санкт-Пецярбургу (1994 г.), Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў імя Б.Хрыстава ў Балгарыі (1996), конкурсу оперных лаўрэатаў у Монтэ-Карла Voice-Masters-1997.

Па персанальных запрашэннях Уладзімір Пятроў выступаў на сцэнах оперных тэатраў Германіі, Швейцарыі, Польшчы, Францыі, Ірландыі, Кітая, Ізраіля, Балгарыі, Іспаніі, Расіі і іншых краін. Ён выступаў на такіх вядомых міжнародных фестывалях, як Classic Openair у Швейцарыі і Kirn у Германіі. Інтэрпрэтацыя ролі Дон Жуана на гастролях у Солатурне дазволіла швейцарскай крытыцы ацаніць яго выступленне як "клас сусветнага ўзроўню" і параўнаць беларускага саліста з эталонным выканаўцам ролі.

За значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, захаванне і прапаганду лепшых музычных традыцый у 2006 годзе Уладзіміру Пятрову было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Рэспублікі Беларусь. У 2015 годзе за выдатны ўклад у тэатральнае мастацтва краіны артыст быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі - прэміяй "Хрустальная Паўлінка", а ў 2016 годзе стаў кавалерам ордэна Францыска Скарыны.

Свой юбілей Уладзімір Пятроў адзначыць сапраўдным фестывалем спектакляў. Ён выканае галоўную партыю ў оперы "Рыгалета" і сыграе Жэрмона ў "Травіяце" Джузэпэ Вердзі, Рыгора ў гістарычнай драме Мікалая Рымскага-Корсакава "Царская нявеста", Князя Ялецкага ў "Пікавай даме" Пятра Чайкоўскага.

4 лютага перад паказам оперы "Травіята" ў фае Вялікага тэатра оперы і балета ўрачыста адкрыецца фотавыстава, прысвечаная творчасці Уладзіміра Петрова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі