20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыём заявак на ўдзел у Нацыянальным адборачным туры конкурсу песні "Еўрабачанне-2020" завершаны. Такая інфармацыя агучана ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
Паступіла 95 заявак. Іх прыслалі як маладыя выканаўцы, так і вядомыя артысты. У іх ліку - Аляксей Грос, Віталь Варанко, Анжаліка Пушнова, Жанет, група Aura. Усе кампазіцыі ацэніць экспертная фокус-група і вызначыць удзельнікаў жывога праслухоўвання. Іх імёны будуць абнародаваны на сайце Белтэлерадыёкампаніі да 22 студзеня ўключна.
27 студзеня на праслухоўванні ў медыяхолдынгу спецыялісты са свету тэлебачання, музыкі і шоу-бізнесу вызначаць да 12 удзельнікаў фіналу. Да 6 сакавіка будзе раскрыта галоўная інтрыга нацадбору. Тэлегледачоў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" чакае шоу, у час якога можна будзе разам з аўтарытэтным журы прагаласаваць. Фіналіст, які набраў у суме найбольшую колькасць глядацкіх і экспертных галасоў, будзе ўдастоены права прадстаўляць нашу краіну на 65-м конкурсе песні "Еўрабачанне" ў Ротэрдаме (Нідэрланды) у маі гэтага года.
Праект праводзіцца Белтэлерадыёкампаніяй - адзіным у Беларусі членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза - і Міністэрствам культуры, якое выступае суарганізатарам. Палажэнне аб праекце размешчана на сайце медыяхолдынга.-0-