ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 13 мая 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лютага 2021, 12:39

Майстар "суровага стылю": работы мастака Георгія Паплаўскага пакажуць у Музеі гісторыі ВАВ

Фота з архіва
Фота з архіва

9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя "Мастак і час", прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Георгія Паплаўскага, адкрыецца 12 лютага ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове.

"Імя гэтага выдатнага майстра графічнага мастацтва шырока вядома на беларускай і постсавецкай прасторы. Георгій Паплаўскі стаў адным з першых мастакоў, якія абазначылі новы напрамак у мастацтве Беларусі - так званы "суровы стыль". Віртуозна валодаючы тэхнікамі акварэлі, лінагравюры, літаграфіі, афорта, сухой іголкі, малюнка пяром, мастак стварыў шэраг твораў, у якіх паказаў навакольны свет такім, якім яго бачыў і адчуваў", - адзначылі ў музеі.

Паводле слоў арганізатараў, нацыянальная асаблівасць творчасці Георгія Паплаўскага ярка праявілася ў яго прыхільнасці да трагічнай тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ падлеткам, ён з сям'ёй перажыў падзеі тых гадоў у акупіраваным Бабруйску, бачыў пажарышча, голад, насілле.

На выставе будзе прадстаўлена больш за 20 эстампаў з графічных серый, прысвечаных вайне. Сярод іх - "Памяць", "Па матывах твораў Алеся Адамовіча", "Час доўгіх нажоў", "Хроніка аднаго атрада". Гледачы змогуць убачыць 45 арыгінальных малюнкаў, выкананых маладым мастаком падчас тэрміновай службы ў Савецкай Арміі.

Куратар экспазіцыі - вядучы навуковы супрацоўнік аддзела рэчавых крыніц Рыма Рум. Наведаць выставу можна па 12 сакавіка.

Георгій Паплаўскі (1931-2017) скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1961 годзе - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У хуткім часе быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў, пачалася актыўная выставачная дзейнасць. Ён шмат падарожнічаў па Савецкім Саюзе і за яго межы. Мастак не толькі ўбачыў увесь свет, але і паказаў яго гарманічна і суцэльна ў сваёй творчасці. Аўтар атрымліваў прызы, прэміі, узнагароды на самых прэстыжных конкурсах. Ён стаў членам Акадэміі мастацтваў СССР і адзіным беларусам, удастоеным прэміі імя Джавахарлала Неру.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі