Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 лютага 2020, 13:07

Гомельскія гледачы ўбачаць спектаклі Брэсцкага і Магілёўскага тэатраў лялек

25 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек у лютым-сакавіку абменьваецца гастролямі з калегамі з Брэста і Магілёва, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатральна-відовішчнай установе.

З 25 лютага па 1 сакавіка свае пастаноўкі гомельскаму гледачу прадставіць Брэсцкі тэатр лялек. Ён прывозіць у горад над Сожам два спектаклі. Так, у дзяцей ёсць магчымасць сустрэцца з Катом Леапольдам, двума цікаўнымі мышанятамі і іншымі героямі казкі "Дзень нараджэння Ката Леапольда" Аркадзя Хайта.

Моладзі і дарослым трупа з Брэста прапануе спектакль "Халстамер (Гісторыя каня)" паводле аповесці Льва Талстога. "Спектакль мае вялікую фестывальную і гастрольную геаграфію. Неаднаразова станавіўся лаўрэатам і ўладальнікам Гран-пры міжнародных фестываляў тэатраў лялек. Пастаноўку ацанілі гледачы ў Расіі, Украіне, Балгарыі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Сербіі, Чарнагорыі, Славакіі, Славеніі", - адзначылі ва ўстанове.

З 10 па 11 сакавіка на сцэне Гомельскага тэатра лялек са сваімі работамі азнаёміць калектыў Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Дзецям пакажуць "Кацяня па імені Гаў" паводле п'есы Рыгора Остэра. Дарослых запрашаюць праслухаць спавядальную гісторыю "Сіняя-сіняя" паводле апавядання Уладзіміра Караткевіча. Жанр пастаноўкі вызначаны як галюцынацыя ў адной дзеі. Спектакль прызнаваўся лаўрэатам многіх тэатральных фестываляў.

У сваю чаргу Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек з гастролямі ў адказ пабывае ў Брэсце, Магілёве і Бабруйску. "Юнаму гледачу мы прадставім сучасную казку "Шаша ў левым чаравіку" Алены Мальчэўскай, а дарослым трагікамічныя прыгоды "мужчынскага краўца з самага звычайнага Гомеля" - спектакль "Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца" паводле аднайменнага рамана Ільі Эрэнбурга", - расказалі ў тэатры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі