Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 жніўня 2020, 13:24

Больш за 100 графічных работ Арлена Кашкурэвіча прадстаўлены на выставе ў НММ

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны мастацкі музей у супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва прадставіў мемарыяльную выставу "Арлен Кашкурэвіч (1929-2013). Да 90-годдзя з дня нараджэння". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў НММ.

"На рэтраспектыўнай выставе - больш за 100 работ, выкананых у графічных тэхніках афорта, літаграфіі, лінагравюры, акварэлі, малюнка тушшу, мяккімі матэрыяламі. Гледачы могуць убачыць творчасць Арлена Кашкурэвіча ў шырокім храналагічным дыяпазоне - пачынаючы ад самых ранніх работ 1959 года да малюнкаў 2010-х гадоў. Аснову мемарыяльнай выставы складаюць манументальныя серыі гравюр і ілюстрацыі кніг, якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах і конкурсах і адзначаны высокімі ганаровымі ўзнагародамі", - расказалі ў музеі.

Упершыню адкрыты для гледача малюнкі, жывапіс і шэраг рэдкіх матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сям'і мастака. Выстава дапоўнена жывапіснымі і скульптурнымі творамі, прысвечанымі Арлену Кашкурэвічу. Асноватворнай канцэпцыяй, што аб'ядноўвае ў прасторы выставы творчасць розных гадоў, стала тэма чалавека і горада. Яна раскрываецца ў спавядальнай шчырасці і любові аўтара да людзей.

Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Арлен Кашкурэвіч належыць да вельмі яркіх майстроў другой палавіны ХХ - пачатку XXI стагоддзя, творы якога атрымалі шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. Адзін з заснавальнікаў школы сучаснай беларускай графікі і найвялікшы майстар кніжнай ілюстрацыі за час сваёй работы аформіў больш за 200 кніг айчынных і замежных аўтараў, прайшоў доўгі прафесійны шлях.

Сваю працоўную дзейнасць мастак пачаў у 1957 годзе, актыўна ўдзельнічаў у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах. Стыль і пластычная мова яго графікі склаліся ў 1960-я гады і заўсёды выклікалі павагу і цікавасць сваёй актуальнасцю і майстэрствам. У творчасці мастак звяртаўся да складаных філасофскіх аспектаў быцця, яго творам характэрна праўдзівае гучанне, без штампаў, бравурных інтанацый. Графіка і ілюстрацыі Арлена Кашкурэвіча вылучаліся смеласцю ў імкненні аўтара спасцігнуць у мастацкім вобразе грані складанага сучаснага свету.

Наведаць выставу можна па 30 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі