Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 студзеня 2019, 13:06

"Больш чым кнігі" - слоган XXVI Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе пад слоганам "Больш чым кнігі" з 6 па 10 лютага ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14, паведаміў журналістам намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мэта гэтай выстаўкі-кірмашу - папулярызацыя кнігі, аўтараў і любові да чытання. Кніжны форум пройдзе на пляцоўцы амаль 3 тыс. кв.м, на якой прадставяць больш як 300 экспанентаў. Заяўкі на ўдзел падалі прадстаўнікі 35 краін, таму чакаецца, што выстаўку-кірмаш бягучага года наведаюць каля 60 тыс. жыхароў і гасцей сталіцы", - расказаў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, слоган "Больш чым кнігі" - гэта стымулюючы складнік для арганізатараў і ўдзельнікаў кніжнага форуму. "Выстаўка - гэта не проста месца, дзе сустракаюцца аўтары, пісьменнікі, выдавецтвы для таго, каб паразмаўляць, але і пляцоўка, на якой абмяркоўваюцца пытанні развіцця кніжнай галіны. Таму мы пастараліся ўзяць лепшае, што напрацоўвалася на працягу папярэдніх гадоў, і дапоўніць новымі рэальнасцямі - стасункамі па папулярызацыі кнігі", - дадаў Ігар Бузоўскі.

Ён таксама адзначыў, што XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрывае сусветны каляндар кніжных форумаў. Наступным стане Вільнюскі кніжны кірмаш, які пройдзе 21-24 лютага. "Мы спадзяёмся, што старт, дадзены ў Мінску, стане яркім, а таксама карысным для прафесіяналаў гэтай галіны. Тым больш увага да кніжнага слова і кнігі застаецца нязменнай. Апошнія даныя сацыялагічных даследаванняў, праведзеных на міжнародных платформах, сведчаць аб тым, што цікавасць да электроннай кнігі пачынае спадаць, а да друкаванай - узрастаць", - сказаў намеснік міністра.

XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш будзе прысвечана Году малой радзімы і II Еўрапейскім гульням, а таксама юбілеям класікаў беларускай літаратуры і памятным гістарычным датам Беларусі.

Упершыню выстаўка будзе праводзіцца не толькі на пляцоўках выставачнага комплексу, але і ў кніжных магазінах, бібліятэках і музеях, будуць арганізаваны літаратурныя экскурсіі, паэтычныя маршруты і тэматычныя семінары. Плануецца абмеркаваць сусветныя тэндэнцыі ў афармленні кніг, краўдфандынг, літаратурную крытыку і блогінг, работу ў сацыяльных сетках і іншыя пытанні кніжнай галіны.

Акрамя таго, у час выстаўкі прэзентуюць навінкі буйнейшых выдавецтваў краін блізкага і далёкага замежжа, арганізуюць аўтограф-сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, правядуць бізнес-перагаворы, майстар-класы і адукацыйныя трэнінгі.

Арганізатарамі Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу выступаюць Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Суарганізатары: Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, ААТ "Белкніга", ТАА "Макбел".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі