Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 жніўня 2019, 09:32

"Беларусьфільм" правядзе адкрыты ўрок да Дня ведаў

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" правядзе 2 верасня для вучняў мінскіх школ адкрыты ўрок, прымеркаваны да Дня ведаў, паведамілі БЕЛТА на кінастудыі.

"Значнай падзеяй нашай краіны з'яўляецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму гэта тэма знойдзе адлюстраванне ў мерапрыемстве, - расказалі на кінастудыі. - Навучэнцы сярэдніх школ нумар 36 і нумар 17 пазнаёмяцца з гістарычнымі фактамі, няпростым лёсам удзельнікаў вайны і іх гераічнымі подзвігамі".

"Супрацоўнікі "Беларусьфільма", пераапранутыя ў школьную і ваенную формы, правядуць тэматычную экскурсію, пазнаёмяць з кінастудыяй, здымачнымі павільёнамі, у адным з якіх будзе падрыхтавана спецыяльная экспазіцыя і фотазона, - адзначылі арганізатары. - Таксама школьнікі змогуць наведаць піратэхнічны ўчастак студыі.

Прадоўжыцца свята праглядам анімацыйных фільмаў, прысвечаных тэме вайны, і гутаркай з рэжысёрам-мультыплікатарам. Акрамя таго, дырэктар кінастудыі прывітае нашых юных гасцей і павіншуе з пачаткам навучальнага года".

Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі прадставіць унікальныя дакументы і артэфакты часоў Вялікай Айчыннай вайны з калекцыі "Дом урада - гісторыя, дакументы, людзі", а таксама пісьмо нямецкай дзяўчыны, якая працавала ў Доме ўрада ў акупіраваным Мінску, і пісьмо савецкаму салдату ад родных. Аб рабоце савецкай ваенна-паштовай службы ў гады вайны раскажуць работнікі РУП "Белпошта".

Адкрыты ўрок на "Беларусьфільме" пройдзе ў час мерапрыемстваў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пад назвай "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!"

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі і РУП "Белпошта".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі