Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
13 красавіка 2020, 15:19

Маскоўская сістэма электронных пропускаў дае збоі

У Маскве і Маскоўскай вобласці з сённяшняга дня пачалася выдача электронных пропускаў для перамяшчэння грамадзян па горадзе ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. З 15 красавіка наяўнасць такога пропуска стане абавязковай. Карэспандэнт БЕЛТА асабіста паспрабаваў праверыць, як яна працуе, але рэзультат аказаўся несуцяшальным.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін яшчэ напярэдадні выхадных падпісаў указ аб лічбавых пропусках. Аналагічную пастанову выдаў і падмаскоўны губернатар Андрэй Вараб'ёў. У адпаведнасці з гэтымі дакументамі прапускная сістэма будзе мець заяўны характар, аднак улады ў любы момант могуць праверыць дакладнасць прадастаўленых грамадзянамі звестак. Лічбавы пропуск спатрэбіцца для паездак на любым відзе асабістага і грамадскага транспарту - матацыкле, скутары, аўтамабілі, таксі, метро, прыгарадным чыгуначным і наземным грамадскім транспарце. Пры падачы заяўкі на атрыманне лічбавага пропуску для паездак на асабістым аўтамабілі неабходна паведаміць яго дзяржаўны рэгістрацыйны нумар, для паездак у грамадскім транспарце ў заяўцы пазначаецца нумар карткі "Тройка" або "Стрэлка" (гэта назвы пластыкавых праязных картак для праезду ў грамадскім транспарце Масквы і Падмаскоўя). Пры паездках на таксі пазначэнне рэгістрацыйнага нумара аўтамабіля не патрэбна, аднак вадзіцелі абавязаны дапускаць перавозкі пасажыраў толькі пры наяўнасці лічбавага пропуску. Знаходзячыся ў дарозе, грамадзяне абавязаны будуць прад'явіць пашпарт і лічбавы пропуск (паказаць раздрукоўку або экран смартфона) па патрабаванні ўпаўнаважаных службовых асоб. Праверка будзе праводзіцца ў прысутнасці грамадзяніна з дапамогай спецыяльнай праграмы ў планшэце.

Атрымаць лічбавы пропуск жыхары Масквы могуць на спецыяльным партале або па тэлефоне гарачай лініі. Аднак сайт практычна ўвесь час вісіць, а калі яго пасля шматлікіх спроб і ўдаецца загрузіць, то пасля запаўнення ўсіх неабходных граф з'яўляецца паведамленне "нешта пайшло не так". Такія паведамленні ўбачылі на сваіх камп'ютарах большасць маіх знаёмых, якія паспрабавалі аформіць пропуск.

Што датычыцца тэлефона гарачай лініі, то па ім я беспаспяхова спрабаваў дазваніцца на працягу чатырох гадзін пачынаючы з 8 раніцы. Мая цікавасць была не пустая: хацеў афіцыйна ўдакладніць, ці трэба атрымліваць пропуск замежным журналістам, акрэдытаваным пры МЗС Расіі. Згодна з указам мэра і пастановай губернатара, афармленне пропускаў для паездак у службовых мэтах не спатрэбіцца ваеннаслужачым, супрацоўнікам праваахоўных органаў, суддзям, дзяржаўным і муніцыпальным служачым, асобам, якія замяшчаюць дзяржаўныя і муніцыпальныя пасады, адвакатам, натарыусам і іх памочнікам, журналістам, ахоўнікам. Пры гэтым яны павінны мець пры сабе адпаведныя службовыя пасведчанні.

Для паездак на работу пропуск, які дзейнічае па 30 красавіка, будзе выдавацца ў выпадках, калі арганізацыя прадаўжае працаваць. Такі пропуск дазваляе паездкі на работу і назад, а таксама службовыя раз'езды, напрыклад, дастаўку тавараў кур'ерамі. Для паездак у медыцынскія ўстановы пропуск выдаецца на адзін дзень і дазваляе паездку ў канкрэтную медыцынскую ўстанову. Колькасць выдаваемых на працягу тыдня такіх пропускаў не абмежавана. У выпадку паездак у іншых асабістых мэтах, напрыклад, у магазін, на дачу, вакзал, пропуск выдаецца на адзін дзень і дазваляе паездку да месца назначэння і назад. Атрымаць пропуск для асабістых мэт можна будзе толькі два разы на тыдзень.

Ужо з суботы на ўсіх уязных магістралях у Маскву дзяжураць узмоцненыя пасты праваахоўнікаў. Яны спыняюць практычна ўсе аўтамабілі і цікавяцца мэтамі ўезду ў сталіцу. Калі тлумачэнні здаюцца непераканаўчымі, яны разварочваюць транспарт. А з 15 красавіка ўсіх парушальнікаў будуць прыцягваць да адказнасці. Штрафы за адсутнасць лічбавых пропускаў па Маскве і за розныя парушэнні з іх выкарыстаннем складуць да 40 тыс. расійскіх рублёў (што складае да $500 у эквіваленце).

Абвяшчаючы аб увядзенні сістэмы электронных пропускаў, Сяргей Сабянін папярэджваў, што першы час у ёй могуць быць некаторыя збоі. Аднак колькі прадоўжыцца наладка механізма - невядома. Пры гэтым ужо сёння маскоўскія ўлады заявілі, што сайт па выдачы пропускаў зведвае небывалыя хакерскія атакі.

Эдуард ПІВАВАР,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі