Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
24 студзеня 2022, 17:00

Хто адносіцца да самазанятых і якія змяненні ў падаткаабкладанні іх чакаюць

У Беларусі ўнесены папраўкі ў Падатковы кодэкс. Шэраг змяненняў датычыцца падаткаабкладання прадпрымальніцкай дзейнасці: індывідуальных прадпрымальнікаў, самазанятых і мікраарганізацый. Мэта - устараніць залішнюю канкурэнцыю паміж гэтымі арганізацыйна-прававымі формамі, павысіць празрыстасць іх работы. У Міністэрстве па падатках і зборах расказалі, якімі відамі дзейнасці цяпер могуць займацца самазанятыя грамадзяне, і растлумачылі змяненні ў падаткаабкладанні.

Што змянілася з 2022 года?

Для самазанятых з 2022 года прадугледжана пашырэнне відаў дзейнасці, якімі можна займацца з выплатай адзінага падатку без выкарыстання наёмнай працы. Раней у гэтым спісе былі прадастаўленне ўласных кватэры, дома, дачы для кароткатэрміновага (не больш за 15 дзён) пражывання, выкананне работ па рамонце гадзіннікаў, абутку, настройцы музычных інструментаў, распілоўцы і колцы дроў, пагрузцы і разгрузцы грузаў, распрацоўцы вэб-сайтаў і інш. Такой магчымасцю таксама карысталіся рэпетытары, вядучыя вяселляў, фатографы, дрэсіроўшчыкі свойскіх жывёл, заводчыкі шчанят і кацянят.

Цяпер у пералік відаў дзейнасці дадаткова ўключаны ландшафтнае праектаванне, кур'ерская дзейнасць (па дастаўцы тавараў, пасылак, пакетаў), чыстка салонаў транспартных сродкаў, утрыманне магіл і іх догляд, арэнда, пракат забаўляльнага і спартыўнага абсталявання (веласіпеды, канькі, турыстычны рыштунак і іншае).

Якія змяненні прынясе 2023 год?

З 2023 года для самазанятых прадугледжана ўстанаўленне падатку на прафесійны даход (ППД) у працэнтах ад атрыманых даходаў. Гэта заменіць выплату падаходнага падатку з фізічных асоб, а таксама абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, паколькі стаўка ППД будзе ўключаць у сябе адлічэнні на сацыяльнае страхаванне.

Пры рабоце з фізасобамі, а таксама юрасобамі-нерэзідэнтамі стаўка ППД складзе 10 працэнтаў ад выручкі. Пры рабоце з арганізацыямі-рэзідэнтамі стаўка ў памеры 10 працэнтаў будзе прымяняцца пры суме выручкі да Br60 тыс., у выпадку перавышэння гэтага значэння стаўка будзе складаць 20 працэнтаў. Выплата ППД у бюджэт будзе штомесячнай, не пазней за 22 чысло месяца, што ідзе за завершаным падатковым перыядам. Прадстаўленне падатковых дэкларацый па ППД не прадугледжваецца.

Самазанятыя будуць выплачваць ППД праз смартфон або камп'ютар з дапамогай лічбавай платформы Міністэрства па падатках і зборах. Чакаецца, што гэта платформа дасць магчымасць выконваць і іншыя неабходныя працэдуры - ад рэгістрацыі да спынення дзейнасці, прыёму плацяжоў, фарміравання чэкаў. У МПЗ адзначылі, што гэта частка планаў ведамстваў па пераводзе амаль усіх працэсаў падатковага адміністравання ў аўтаматызаваны рэжым. Цяпер больш за 80 працэнтаў суб'ектаў гаспадарання працуюць з падатковымі органамі ў электронным рэжыме, ідзе работа і па прыцягненні грамадзян да электроннага ўзаемадзеяння.

МПЗ прапануе пры неабходнасці звяртацца за растлумачэннямі па змяненнях у падаткаабкладанні ў любы падатковы орган, неабавязкова па месцы рэгістрацыі. Растлумачэнні таксама можна атрымаць у кантакт-цэнтры і на сайце падатковых органаў.

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі