Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
09 сакавіка 2020, 17:11
Аляксей Аўдонін

Эксперт аб перспектывах цэн на нафту, ваганні беларускага рубля і плюсах сітуацыі для Беларусі

Аляксей Аўдонін
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў

На стужках навін сёння ў топах спад сусветных цэн на нафту. Зніжэнне больш як на 40 працэнтаў адбылося на фоне таго, што краіны ОПЕК+ па выніках перагавораў у Вене не змаглі дамовіцца аб дадатковым скарачэнні здабычы нафты ва ўмовах спаду попыту з-за каранавіруса. У выніку аслаб расійскі рубель, што не магло не паўплываць на кошт беларускай нацыянальнай валюты. Чаму сітуацыю на нафтавым рынку нельга назваць некіруемай і чым можа павярнуцца жаданне адправіцца ў абменнік, карэспандэнту БЕЛТА расказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін.

Спад сусветных цэн на нафту - гэта не толькі вынік перагавораў краін ОПЕК+. "Гэта звязана з натуральнай дынамікай нафтавага рынку. На фоне рашэнняў ОПЕК і заяў аб павелічэнні паставак многімі нафтаздабыўнымі краінамі чаканні прадаўцоў і пакупнікоў былі звязаны з павелічэннем аб'ёмаў нафты. У выніку спрацаваў закон попыту і прапанавання, і цана знізілася. Зрэшты, у апошнія два-тры тыдні яна і без таго вагалася на фоне зніжэння аб'ёмаў вытворчасці ў Кітаі. Такая ж сітуацыя з рэзкімі спадамі і ўзлётамі цаны будзе назірацца ў бліжэйшыя паўгода", - лічыць Аляксей Аўдонін.

Паводле яго слоў, на сусветным нафтавым рынку цяпер можна назіраць змяненні сістэмы кіравання, уводзяцца новыя правілы. "Калі рынак мяняецца структурна, мяняюцца правілы, умовы работы на ім, то гэта непазбежна прыводзіць да тых ваганняў, якія мы цяпер бачым. Зніжаецца цана на нафту, следам таннеюць валюты краін, якія займаюцца вытворчасцю нафты, спадаюць акцыі нафтаздабыўных кампаній. Праблемы, рознагалоссі паміж ключавымі ігракамі рынку накопліваліся даўно. Не трэба лічыць, што цяперашняя сітуацыя - гэта катастрофа або некіруемы крызіс. На самай справе яна мае рыначны характар. А рынак як самарэгулюемы інстытут выйдзе на тую кропку раўнавагі, якая прывядзе да справядлівай цаны на нафту і на нацыянальныя валюты", - сказаў ён.

Аналітык прагназуе, што нафта і далей будзе нейкі час зніжацца. "Але гэта прадоўжыцца нядоўга. У далейшым установіцца ўзважаная цана, яна будзе нават большая за цяперашнія $30 за бараль, выйдзе на ўзровень $45. Адначасова гэта прывядзе да стабілізацыі расійскай валюты. Пакуль жа, на працягу гэтага, наступнага тыдня, яе курс будзе рэзка вагацца. Аднак гэта трэба разглядаць як часовую з'яву", - перакананы Аляксей Аўдонін.

Кошт беларускага рубля таксама будзе змяняцца (з улікам таго, што расійскі рубель уваходзіць у валютную карзіну Беларусі), аднак без такіх жа рэзкіх ваганняў, як на валютным рынку краіны-суседкі. Таму Аляксей Аўдонін перасцерагае ад куплі замежнай валюты цяпер на ўзрастаючым трэндзе, калі ў ёй няма вострай неабходнасці. "Гэта адназначна прывядзе да страты зберажэнняў, якія былі накоплены ў беларускіх рублях. Ужо многія цэнтрабанкі заявілі, што ніякім чынам не будуць рэгуляваць або ўтрымліваць курс нацыянальных валют. Гэта значыць: не выключана, што праз тыдзень-два трэнд зменіцца, і курс будзе зніжацца. І тыя, хто купіў валюту сёння на павышаючым курсе, могуць страціць на розніцы", - адзначыў эксперт і заклікаў разважліва ацэньваць сітуацыю.

Нацбанк ужо заявіў аб тым, што будзе прытрымлівацца рыначнай пазіцыі і не стане стрымліваць беларускі рубель. Яго кошт будзе змяняцца ў залежнасці ад сусветных трэндаў, курс будзе фарміравацца на аснове попыту і прапанавання. "Трэба разумець, што аслабленне нацыянальнай валюты вядзе і да станоўчых момантаў. Экспарт становіцца таннейшы, што дае магчымасць атрымліваць дадатковыя канкурэнтныя, цэнавыя перавагі на замежных рынках. У гэтай сітуацыі нашым вытворцам, экспарцёрам трэба актывізавацца, хутка зрэагаваць, змяніць цэнавыя прапановы на замежных рынках і прапанаваць прадукцыю па цікавых для пакупнікоў цэнах. Злавіўшы трэнд, мы зможам зарабіць на ваганнях", - растлумачыў Аляксей Аўдонін.

Тое ж датычыцца і зніжэння сусветных цэн на нафту. "Мы знаходзімся ў больш выгадных умовах па магчымасці набыцця нафты ў іншых пастаўшчыкоў, а таксама ў Расіі. Хоць ёсць і адваротны бок. Нафтапрадукты, якія экспартуе Беларусь, таксама будуць таннець. У сувязі з гэтым канцэрну "Белнафтахім" і нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам важна не дапусціць цэнавай розніцы. Пры адсутнасці стабільнай дамоўленасці з Расіяй ёсць магчымасць быць больш гібкімі ў цэнаўтварэнні, ёсць прастора для манеўру з новымі пастаўшчыкамі для куплі нафты па актуальных цэнах. Галоўнае - здолець прадаць нафтапрадукты на экспарт і зарабіць на розніцы", - рэзюмаваў эксперт.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі