Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 сакавіка 2017, 11:25

Памёр яшчэ адзін паранены пры нападзенні ў Лондане

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памёр яшчэ адзін паранены пры атацы ў цэнтры Лондана. Аб гэтым паведамляе Бі-Бі-Сі.

Адзначаецца, што 75-гадовы мужчына памёр у бальніцы.

Раней было вядома, што загінулі два прахожыя і паліцэйскі: 45-гадовая жанчына, 55-гадовы мужчына і праваахоўнік Кіт Палмер. Акрамя таго, паліцыя ліквідавала тэрарыста, які ўчыніў нападзенне.

Адказнасць за нападзенне ўзяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава". Брытанская паліцыя раскрыла імя тэрарыста. Ім аказаўся 52-гадовы ўраджэнец англійскага графства Кент Халід Масуд, які раней прыцягваўся да адказнасці па справах, звязаных з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў і незаконным захоўваннем зброі. Адзначаецца, што абвінавачанні, звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасцю, Халіду Масуду раней не прад'яўляліся.

Прадстаўнік паліцыі заявіў, што пошукі асоб, якія маюць дачыненне да тэракта ў Лондане, вядуцца па ўсёй краіне. Былі праведзены вобыскі па шасці адрасах і арыштаваны не менш як сем чалавек.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй паведаміла раней, што ў шпіталі знаходзяцца 12 брытанцаў. Таксама вядома, што сярод пацярпелых ёсць трое французскіх дзяцей, два румыны, чатыры грамадзяніны Паўднёвай Карэі, адзін немец, паляк, ірландзец, італьянец, амерыканец і два грэкі.

Інцыдэнт адбыўся ў Лондане 22 сакавіка. Тэрарыст арандаваў аўто і пачаў тараніць прахожых на Вестмінстэрскім мосце. Затым ён хацеў трапіць у парламент, нанёс смяротнае нажавое раненне паліцэйскаму, пасля чаго другі праваахоўнік выстраліў у парушальніка парадку.

Наступны дзень пасля атакі брытанскі парламент пачаў з мінуты маўчання ў памяць аб ахвярах тэракта. Таксама ў знак смутку над рэзідэнцыяй прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі ў Лондане былі прыспушчаны дзяржаўныя сцягі.

Між тым Вестмінстэрскі мост, дзе адбылося нападзенне, зноў быў адкрыты для руху. Вакол будынка парламента, куды спрабаваў прарвацца тэрарыст, выстаўлена ўзмоцненая варта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі