Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
20 ліпеня 2018, 09:55

Дзярждума адобрыла ў першым чытанні павышэнне пенсійнага ўзросту ў Расіі

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзярждума адобрыла ў першым чытанні ўрадавы законапраект аб змяненнях пенсійнай сістэмы ў Расіі. Аб гэтым паведамляе ТАСС.

У падтрымку праекта закона выказаліся 328 дэпутатаў, супраць - 104, тых, хто ўстрымаўся, не было.

Першае чытанне мае на мэце разгляд толькі канцэпцыі законапраекта. Пасля яе зацвярджэння маштабнае абмеркаванне ініцыятывы прадоўжыцца, прапановы па дапрацоўцы праекта закона будуць сабраны і зафіксаваны ў выглядзе паправак да другога чытання. Пры гэтым Дзярждума Расіі для далейшага абмеркавання законапраекта вызначыла перыяд працягласцю больш за два месяцы ў адрозненне ад традыцыйных 30 дзён.

Законапраектам аб змяненні пенсійнай сістэмы ў Расіі, у прыватнасці, прадугледжваецца паступовае павышэнне ўзросту выхаду на пенсію да 65 гадоў для мужчын (да 2028 года) і да 63 гадоў для жанчын (да 2034 года). Цяпер пенсійны ўзрост у РФ для мужчын і жанчын складае 60 і 55 гадоў адпаведна.

Згодна з прапановай урада, павелічэнне пенсійнага ўзросту будзе праводзіцца паэтапна з 2019 года і не закране цяперашніх пенсіянераў - гэта амаль 46,5 млн чалавек. Яны прадоўжаць атрымліваць усе раней назначаныя ім пенсійныя і сацыяльныя выплаты ў ранейшым рэжыме.

Павышэнне пенсійнага ўзросту спачатку закране мужчын 1959 года нараджэння і жанчын 1964 года нараджэння: яны атрымаюць права выйсці на пенсію ў 2020 годзе ва ўзросце 61 года і 56 гадоў адпаведна. Мужчыны, якія нарадзіліся ў 1960 годзе, і жанчыны 1965 года нараджэння выйдуць на пенсію ў 2022 годзе ў 62 гады і ў 57 гадоў. Мужчыны 1961 года нараджэння і жанчыны 1966-га - у 2024 годзе ва ўзросце 63 гадоў і 58 гадоў; мужчыны 1962 года нараджэння і жанчыны 1967 года нараджэння - у 2026 годзе ў 64 гады і 59 гадоў; мужчыны 1963 года і жанчыны 1968 гадоў нараджэння змогуць стаць пенсіянерамі ў 2028 годзе ва ўзросце 65 і 60 гадоў. На гэтым пераходны перыяд павелічэння пенсійнага ўзросту для мужчын скончыцца. Жанчыны 1969 года нараджэння атрымаюць права выхаду на пенсію ў 2030 годзе ва ўзросце 61 года, жанчыны 1970 года нараджэння - у 2032 годзе ва ўзросце 62 гадоў, жанчыны 1971 года нараджэння - у 2034 годзе ва ўзросце 63 гадоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі