Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 сакавіка 2017, 11:18

Мінскія "Грыфоны" абаранілі тытул пераможцаў "Залатой шайбы"

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскія "Грыфоны" абаранілі тытул пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба" ў малодшай узроставай групе (2004-2005 гады нараджэння) у дывізіёне А, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У фінальным паядынку, які прайшоў 12 сакавіка на "Чыжоўка-Арэне", каманда Цэнтральнага раёна сталіцы была мацнейшай за каманду "Мядзведзь" Маскоўскага раёна Мінска, абыграўшы з лікам 6:2. Хет-трыкам у вароты саперніка вызначыўся Мікалай Лукашэнка.

Трэцяе месца занялі юныя хакеісты "Гомеля", якія ў матчы за бронзавыя ўзнагароды турніру былі мацнейшымі за "Міраж" з Горак, з лікам 12:7.

Лепшымі ігракамі фінальнага турніру "Залатая шайба" прызнаны: варатар - Мікіта Вольскі ("Грыфоны"), абаронца - Антон Пракапенка ("Міраж"), нападаючы - Аляксандр Прымак ("Гомель"), лепшым бамбардзірам стаў Аляксандр Сахацкі ("Атлант", Кобрын , Брэсцкая вобл.).

У сімвалічную пяцёрку спаборніцтваў увайшлі: Марк Хаміцэвіч ("Шахцёр", Салігорск, Мінская вобл.), Алег Петушок ("Прынёманскія ястрабы", Гродзенская вобл.), Мікалай Лукашэнка ("Грыфоны"), Іван Гарбачоў ("Спадчына", Віцебская вобл.), Мікіта Ізотаў ("Атлант").

Ва ўзнагароджанні пераможцаў і прызёраў прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Каманда "Грыфоны" другі год запар займае першае месца ў спаборніцтвах "Залатая шайба". У фінальным турніры 2017 года чэмпіёны на папярэдняй стадыі былі мацнейшымі ў групе А, чым "Прынёманскія ястрабы" з Гродна (7:0), салігорскі "Шахцёр" (6:5) і каманда "Міраж" з Горак Магілёўскай вобласці (5:2).

У "Залатой шайбе" ў дывізіёне А ўдзельнічаюць каманды раёнаў і гарадоў, дзе ёсць крытыя каткі са штучным лёдам, а ў дывізіёне Б спаборнічаюць калектывы, дзе такіх збудаванняў няма. Такі варыянт дазваляе павысіць узровень саперніцтва паміж камандамі і ў той жа час дае магчымасць камандам з глыбінкі таксама пазмагацца за ганаровы трафей.

Фінальны турнір "Залатой шайбы" сярод каманд дывізіёна Б пройдзе з 21 па 27 сакавіка ў Пружанах.

Рэспубліканскія спаборніцтвы "Залатая шайба" былі адроджаны дзякуючы ініцыятыве кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. З 1997 года турнір праводзіцца на прызы Прэзідэнта Беларусі.

Арганізатарамі спаборніцтваў "Залатая шайба" з'яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ, Федэрацыя хакея Беларусі, дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі "Залатая шайба".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі