Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 верасня 2017, 19:20

Легенда савецкага спорту Алена Бялова ўзнагароджана медалём НАК Беларусі

22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні, ганаровы грамадзянін Мінска Алена Бялова ўзнагароджана медалём Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі "За выдатныя заслугі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Высокую ўзнагароду на ўрачыстай цырымоніі ў канцэртнай зале "Верхні горад", прымеркаванай да юбілею легендарнай спартсменкі, уручыў першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Андрэй Асташэвіч. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта. "Уся Ваша працоўная біяграфія звязана са спортам вышэйшых дасягненняў. Ваша імя назаўсёды ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю сусветнага і айчыннага спорту. Асаблівай удзячнасці заслугоўвае тое, што свой вопыт і веды Вы на працягу спартыўнай кар'еры і прафесійнай дзейнасці перадаяце маладому пакаленню", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч перадаў Алене Бяловай памятны знак ЕАК. "Я абсалютна ўпэўнены, што краіна, якая мае такія дасягненні ў мінулым, будзе мець вялікія поспехі ў будучым. Пакінуўшы спартыўную кар'еру, Вы заняліся навуковай дзейнасцю і таксама дасягнулі велізарных вышынь. Вы з'яўляецеся прыкладам у спорце і жыцці для маладых людзей", - адзначыў ён.

У юбілейным вечары прынялі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, МУС, Алімпійскага камітэта Расіі, Беларускай рэспубліканскай федэрацыі фехтавання, федэрацый фехтавання Італіі, Грузіі, знакамітыя спартсмены, родныя, калегі і сябры. Госці пажадалі Алене Бяловай моцнага здароўя, шчасця, доўгіх гадоў актыўнага жыцця і новых поспехаў.

Алена Бялова - чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні, уладальніца сярэбранага і бронзавага медалёў Алімпійскіх гульняў, адзіная алімпійская чэмпіёнка (сярод жанчын) у індывідуальным відзе ў гісторыі савецкага фехтавання, васьміразовая чэмпіёнка свету, не раз станавілася пераможцай розных спаборніцтваў сусветнага ўзроўню. Удастоена званняў заслужанага майстра спорту СССР, заслужанага дзеяча фізічнай культуры Беларускай ССР, заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца ганаровым членам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, кандыдатам педагагічных навук, прафесарам псіхалогіі і педагогікі.

За ўклад у сусветны алімпійскі рух і высокія спартыўныя дасягненні Алена Бялова ўзнагароджана Міжнародным алімпійскім камітэтам трафеем "За алімпійскія ідэалы" да 100-годдзя МАК, Сярэбраным ордэнам МАК, а таксама медалём П'ера дэ Кубертэна, ордэнам "Дружбы народаў", двума ордэнамі "Знак Пашаны", ордэнам Айчыны III ступені. Уведзена ў Залу сусветнай славы Міжнароднай федэрацыі фехтавання і ў Залу алімпійскай славы Расійскай Федэрацыі, занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса па колькасці заваяваных залатых алімпійскіх медалёў па фехтаванні на рапірах сярод жанчын.-0-

Фота Андрэя Пакумейкі.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі