Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
02 лютага 2018, 16:08

Ілья Івашка і Геральд Мельцэр адкрыюць матч Кубка Дэвіса паміж тэнісістамі Беларусі і Аўстрыі

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У аўстрыйскім Санкт-Пёльтэне сёння стартуе матч 1-га круга групы I Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса паміж тэнісістамі Беларусі і Аўстрыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першымі на корт спарткомплексу VAZ выйдуць першы нумар беларускай каманды Ілья Івашка (190-ы нумар рэйтынгу АТР) і другі нумар гаспадароў Геральд Мельцэр (98). Адразу пасля заканчэння іх сустрэчы лідар аўстрыйскай каманды, шостая ракетка планеты Дамінік Цім згуляе супраць Дзмітрыя Жырмонта (389).

З 3 лютага спачатку пройдзе парная сустрэча, у якой беларусы Андрэй Васілеўскі і Сяргей Бетаў сустрэнуцца з Оліверам Марахам і Філіпам Освальдам. Затым адбудуцца два адзіночныя паядынкі: Дамінік Цім - Ілья Івашка, Дзмітрый Жырмонт - Геральд Мельцэр.

Пасля першага гульнявога дня капітаны каманд Уладзімір Валчкоў і Штэфан Коўбек могуць правесці замены. Тэлеканал "Беларусь 5" будзе весці прамыя трансляцыі з Санкт-Пёльтэна, першая з якіх пачнецца сёння ў 17.00.

З гэтага сезона ў розыгрышы Кубка Дэвіса адбыліся сур'ёзныя змяненні. Па-першае, матчы праводзяцца за два дні (раней - тры), па-другое, кожная гульня - адзіночныя і парная, вядуцца да выйгрышаў двух, а не трох сэтаў, па-трэцяе, у заяўку ўключаюцца не 4, а 5 ігракоў.

Зборныя Беларусі і Аўстрыі сустракаліся паміж сабой у красавіку 2017 года ў Мінску ў матчы другога раўнда групы I Еўра-Афрыканскай зоны, і беларусы перамаглі з лікам 3:1. Тады ў складзе гаспадароў гуляў ветэран Максім Мірны, які на гэты раз папрасіў не выклікаць яго ў нацыянальную каманду. Але гэта зусім не азначае, што шматгадовы лідар зборнай Беларусі завяршае кар'еру - проста Максіму трэба залячыць свае траўмы, якія перашкаджаюць яму гуляць на поўную моц.

Цяпер у сусветным камандным рэйтынгу Беларусь займае 25-е месца, Аўстрыя знаходзіцца на 37-й пазіцыі. Пераможца іх цяперашняга матчу ў красавіку згуляе з камандай Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі