Сцяг Нядзеля, 24 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 кастрычніка 2017, 09:06

Футбольныя зборныя Беларусі правядуць адборачныя матчы чэмпіянатаў свету і Еўропы

10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адразу тры футбольныя зборныя Беларусі правядуць сёння матчы адборачных турніраў чэмпіянатаў свету і Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Нацыянальная зборная ў заключным паядынку кваліфікацыйнай групы А чэмпіянату свету-2018 згуляе ў Парыжы з камандай Францыі (пачатак гульні ў 21.45, прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5"). Для французаў перамога ў гэтай сустрэчы адкрые прамую дарогу ў фінальную стадыю сусветнага першынства, а беларусы пастараюцца паказаць добрую гульню і завяршыць сезон на мажорнай ноце. Зборная Беларусі ўжо мае пераможны вопыт у гульнях з "мушкецёрамі": у верасні 2010 года каманда Бернда Штанге сенсацыйна абыграла французаў на полі "Стад дэ Франс" - 1:0. У чэрвені 2011-га сапернікі разышліся мірам на газоне мінскага стадыёна "Дынама" - 1:1. На старце сёлетняга адборачнага турніру падапечныя Ігара Крывушэнкі згулялі з камандай Дзідзье Дэшама ўнічыю - 0:0. У пасіве беларускіх футбалістаў два паражэнні - 1:3 у 2012-м і 2:4 на год пазней. Сёння ў гэтай групе адбудуцца яшчэ два матчы 10-го тура: Нідэрланды - Швецыя, Люксембург - Балгарыя. Турнірнае становішча: Францыя - 20 ачкоў (розніца мячоў - 16-5), Швецыя - 19 (26-7), Нідэрланды - 16 (19-12), Балгарыя - 12 (13-18), Беларусь - 5 (5-19), Люксембург - 5 (7-25).

Маладзёжная зборная Беларусі (U-21) у Барысаве сустрэнецца з равеснікамі з Малдовы ў чарговым паядынку кваліфікацыі ЧЕ-2019. Сустрэча пачнецца ў 19.00 і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 5". У папярэднім туры беларусы ўступілі на выездзе харватам з лікам 1:2, прапусціўшы два мячы ў кампенсаваны час другога тайма. Раней беларуская "маладзёжка" выйграла ў Сан-Марына - 1:0 (дома), згуляла ўнічыю з чэхамі - 1:1 (у гасцях) і ўступіла Грэцыі - 0:2 (дома). Малдаўскія футбалісты абыгралі Сан-Марына (2:0), а таксама пацярпелі паражэнні ад харватаў (0:3) і грэкаў (1:5 і 0:2). Становішча каманд у 1-й адборачнай групе: Грэцыя - 9 ачкоў (3 матчы; розніца мячоў - 9-1), Харватыя - 6 (2; 5-1), Беларусь - 4 (4; 3-5), Малдова - 3 (4; 3-10), Чэхія - 1 (1; 1-1), Сан-Марына - 0 (2; 0-3).

Беларуская юніёрская зборная (U-19) у заключным кваліфікацыйным паядынку 2-й групы кантынентальнага першынства ў польскім Хожуве сустрэнецца з камандай Паўночнай Ірландыі. Беларусы ўжо страцілі шанцы выйсці ў наступны адборачны этап, пацярпеўшы паражэнні ад футбалістаў Германіі - 1:5 і Польшчы - 0:3. Менавіта гэтыя каманды прадоўжаць барацьбу за пуцёўкі ў фінальную стадыю юніёрскага ЧЕ, атрымаўшы па дзве вікторыі на старце спаборніцтваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі