Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 чэрвеня 2017, 14:52

Футбалісты Іспаніі сталі першымі паўфіналістамі маладзёжнага чэмпіянату Еўропы

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першымі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі маладзёжнага чэмпіянату Еўропы (U-21), які праходзіць у Польшчы, сталі футбалісты Іспаніі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У паядынку другога тура папярэдняй групы В іспанская "маладзёжка" перайграла суседзяў з Партугаліі з лікам 3:1 і датэрмінова забяспечыла сабе выхад у квартэт мацнейшых. У балканскім дэрбі паміж зборнымі Сербіі і Македоніі пераможца не быў выяўлены - нічыя 2:2. У стартавы дзень іспанцы разграмілі македонцаў - 5:0, а партугальцы былі мацнейшымі за сербаў - 2:0. Турнірнае становішча пасля двух тураў: Іспанія - 6 ачкоў (розніца мячоў - 8-1), Партугалія - 3 (3-3), Сербія - 1 (2-4), Македонія - 1 (2-7).

Англійскія футбалісты лідзіруюць у папярэдняй групе А. Спачатку англічане разышліся мірам са шведамі - 0:0, а затым атрымалі валявую вікторыю над славакамі - 2:1. Гаспадары турніру палякі на старце ўступілі равеснікам са Славакіі (1:2), а потым згулялі ўнічыю з камандай Швецыі (2:2). Турнірнае становішча: Англія - 4 (2-1), Славакія - 3 (3-3), Швецыя - 2 (2-2), Польшча - 1 (3-4).

У квартэце С прайшлі паядынкі першага тура, прычым абодва завяршыліся з аднолькавым рэзультатам 2:0. Футбалісты Германіі абыгралі каманду Чэхіі, а італьянцы былі мацнейшымі за датчан.

Пасля завяршэння групавога этапу пераможцы квартэтаў і лепшая каманда з заняўшых другія месцы 27 чэрвеня прадоўжаць барацьбу ў паўфіналах. Вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 30 чэрвеня ў Кракаве.

Два гады таму ў Чэхіі маладзёжны чэмпіянат Еўропы ўпершыню выйгралі футбалісты Швецыі, якія перамглі ў фінале партугальцаў у серыі пасляматчавых пенальці. Больш за іншых маладзёжнае першынство Старога Свету выйгравалі італьянцы - 5 разоў, на адзін чэмпіёнскі тытул менш у іспанцаў, тройчы турнір выйгравала зборная Савецкага Саюза, па два разы трыумфатарамі станавіліся каманды Англіі і Нідэрландаў. Па разе золата выйгравалі футбалісты Францыі, Чэхіі, Югаславіі, Венгрыі, Германіі і Швецыі. Вышэйшым дасягненнем беларускай "маладзёжкі" з'яўляецца бронза Еўра-2011 у Даніі, пасля якой каманда Георгія Кандрацьева атрымала права выступіць на Алімпійскіх гульнях-2012 у Лондане.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі