12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белтэлерадыёкампанія разглядае заяўкі на права трансляцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў 2019 годзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе медыяхолдынга.
Свае заяўкі прыслалі ўжо некалькі кампаній з сусветным імем, якія маюць вопыт трансляцыі І Еўрапейскіх гульняў у Баку, а таксама некалькіх Алімпіяд.
Паводле слоў старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, да Еўрагульняў-2019 медыяхолдынг павінен набыць новую якасную тэхніку, што станоўча паўплывае на тэлетрансляцыі і дасць магчымасць перадаваць сігнал у самай лепшай якасці.
У праграму Еўрагульняў, якія пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года, увайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шаша), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс, пляжны футбол.
Атлеты разыграюць 189 камплектаў узнагарод у 23 спартыўных дысцыплінах. На мінулых Гульнях у Азербайджане ў медальным заліку Беларусь заняла сёмае месца і заваявала 43 узнагароды.-0-