Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 чэрвеня 2017, 13:03

Беларускія лёгкаатлеты занялі дзясятае месца і пакінулі суперлігу каманднага ЧЕ ў Францыі

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія лёгкаатлеты занялі дзясятае месца і пакінулі суперлігу каманднага чэмпіянату Еўропы, які завяршыўся ў французскім г.Ліль, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Турнір доўжыўся тры дні, пераможца вызначаўся па суме набраных балаў кожнага атлета ў сарака відах праграмы. Найбольш высокія рэзультаты ў складзе беларускай каманды паказалі ў кіданні молата Ганна Малышчык, якая заняла першае месца (74 м 56 см), не было роўных у штурханні ядра Алёне Дубіцкай (18 м 39 см). На другую прыступку п'едэстала гонару ўзняліся Аліна Талай у бегу на 100 м з бар'ерамі (12,91 сек.), у кіданні кап'я Таццяна Халадовіч (64 м 60 см), у кіданні молата Павел Барэйша (77 м 52 см). Прыемна парадавала Ірына Жук у скачках з шастом. Спартсменка з Гродна ўстанавіла асабісты рэкорд (4 м 60 см) і заняла другое месца. Не змагла ўвайсці ў лік прызёраў у бегу на 800 м Марына Арзамасава, якая фінішавала толькі сёмай (2 мін. 04,86 сек). Іншыя прадстаўнікі беларускай каманды паказалі больш нізкія рэзультаты.

У выніку зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы набрала 188,5 бала і размясцілася на дзясятым радку падагульняючага пратакола каманднага чэмпіянату Еўропы ў горадзе Ліль і разам з камандай Нідэрландаў (175 ачкоў) пакінула суперлігу. Пераможцамі спаборніцтваў сталі нямецкія лёгкаатлеты, у актыве якіх 321,5 бала. Сярэбранымі прызёрамі сталі спартсмены з Польшчы - 295 ачкоз. Замкнулі тройку прызёраў гаспадары каманднага чэмпіянату - 270 балаў.

У прадстаўніка Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Дзевятоўскага важны турнір пакінуў дваістае ўражанне. Паводле яго слоў, у нацыянальнай камандзе цяпер адбываецца змена пакаленняў, гэта адбіваецца на рэзультатах. "Занялі дзясятае месца і не змаглі захаваць прапіску ў суперлізе, аднак не хапіла ўсяго васьмі ачкоў, каб апярэдзіць Грэцыю (196,5 бала). Галоўны вывад з каманднага чэмпіянату Еўропы - у зборнай ёсць перспектыўная моладзь, ёсць і лідары, якія выступаюць стабільна і паказваюць добры рэзультат", - сказаў Вадзім Дзевятоўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі