Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 ліпеня 2018, 11:43

Баскетбалісткі ЗША сталі чэмпіёнкамі свету сярод дзяўчат у Мінску

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баскетбалісткі ЗША заваявалі залатыя медалі чэмпіянату свету сярод дзяўчат да 17 гадоў, які завяршыўся ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул амерыканкі з вялікай перавагай перамаглі каманду Францыі 92:40. Гэта чацвёртае золата зборнай ЗША на сусветных першынствах для дзяўчат у гэтай узроставай катэгорыі.

Уладальніцамі бронзавых узнагарод сталі аўстралійскія баскетбалісткі, якія перамаглі ў матчы за 3-е месца равесніц з Венгрыі 57:51.

Беларускія баскетбалісткі ў сваёй заключнай сустрэчы перамаглі саперніц з Анголы з лікам 70:58 і занялі 15-е падагульняючае месца. Гэта другая вікторыя падапечных Вікторыі Дацун на цяперашнім сусветным чэмпіянаце - у стартавым паядынку яны перамаглі каманду Калумбіі ў авертайме - 79:75, а затым пацярпелі паражэнні ад зборных Японіі - 52:104, Францыі - 34:64, Італіі - 50:65 і Аргенціны - 58:61.

У гульні за 5-е месца італьянкі перамаглі іспанак - 65:58, японскія баскетбалісткі занялі 7-ю падагульняючую пазіцыю, абыграўшы латвійскую дружыну з рэзультатам 75:57, на 9-м радку канадкі, якія выйгралі ў каманды Малі - 58:50, 11-е месца занялі кітаянкі, якія перамаглі новазеландак - 88:66, аргенцінкі ў гульні за 13-е месца былі мацнейшыя калумбіек - 51:47.

Чэмпіянат планеты для дзяўчат у гэтай узроставай катэгорыі праводзіцца раз у два гады, мінскі турнір стаў пятым у гісторыі. На ЧС-2016 у Іспаніі пераможцамі сталі аўстралійскія баскетбалісткі, а на ўсіх астатніх нязменна выйгравалі амерыканкі (2010, 2012, 2014, 2018).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі