Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 жніўня 2016, 16:41

Жыроўкі з налічанымі жыллёвымі субсідыямі за кастрычнік беларусы атрымаюць у лістападзе

30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рахункі-паведамленні на аплату жыллёва-камунальных паслуг з налічанымі безнаяўнымі жыллёвымі субсідыямі за кастрычнік насельніцтва Беларусі атрымае ў лістападзе. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алена Дудзінская сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай увядзенню ў Беларусі безнаяўных жыллёвых субсідый для сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян, у прэс-цэнтры БЕЛТА.

У жыроўках будзе пазначана сума прадастаўленай субсідыі. Да 1 кастрычніка формы паведамленняў будуць дапоўнены радком з інфармацыяй аб субсідыі, якая прадастаўляецца па выяўным прынцыпе.

Акрамя таго, людзі атрымаюць паведамленне аб тым, што ім прадастаўлена субсідыя і нават будуць апісаны правы адмовы ад такой субсідыі. У паведамленні будзе пазначана дата рашэння, яго нумар і сума субсідыі.

Субсідзіравацца будуць асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Прадугледжваецца функцыянаванне як заяўнага, так і выяўнага (для сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва - непрацуючых пенсіянераў і інвалідаў) прынцыпаў для атрымання субсідый.

Паводле ацэнкі, скарыстацца субсідыямі змогуць каля 10 працэнтаў дамашніх гаспадарак рэспублікі.

З 1 кастрычніка ў Беларусі ўводзяцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковага пакрыцця платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі. Адпаведны ўказ нумар 322 "Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый" падпісаны 29 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі