Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 верасня 2017, 16:04

Зась адзначае залішнюю напружанасць у суседніх з Беларуссю краінах адносна вучэнняў "Захад-2017"

5 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась адзначае залішнюю напружанасць у суседніх краінах адносна маючых адбыцца беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017". Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі, праваахоўных органаў і ведамстваў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На жаль, мы назіраем і адзначаем, што прымаюцца некаторыя, на наш погляд, неадэкватныя сітуацыі меры ў суседніх дзяржавах, і залішняя напружанасць узнікае. Але мы не адчуваем для сябе тут ніякай пагрозы, проста канстатуем гэта як факт. Думаю, што пройдуць вучэнні нармальна, паспяхова, і ўсе тыя домыслы і выдумкі адыдуць у гісторыю", - заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

У сваю чаргу міністр абароны Андрэй Раўкоў расказаў, што падрыхтоўка вучэння ўвайшла ў завяршальную фазу. "Органы кіравання і войскі для выканання задач гатовы. Для гэтага створаны неабходныя групоўкі ў раёнах выканання вучэбна-баявых задач. Гэтымі раёнамі будуць з'яўляцца шэсць палігонаў Узброеных Сіл і два ўчасткі мясцовасці. Войскі туды выведзены, разгорнуты, - адзначыў міністр. - Засталося завяршыць перабазіраванне авіяцыі, расійскага складніка - 27 лятальных апаратаў. Сваю авіяцыю сумесна размясціць на падрыхтаваныя аэрадромы і завяршыць мерапрыемствы адмабілізавання і прывядзення ў гатоўнасць да выканання задач сіл і сродкаў тэрытарыяльнай абароны Глыбоцкага раёна. Там адмабілізоўваецца штаб раёна і асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў. Усе астатнія мерапрыемствы выкананы".

Паводле слоў Андрэя Раўкова, 13 верасня таксама будзе праведзена штабная трэніроўка па шэрагу пытанняў.

Ён адзначыў, што на актыўную фазу вучэнняў запрошаны прадстаўнікі замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, ваенныя аташэ, акрэдытаваны шматлікія прадстаўнікі СМІ.

Адказваючы на пытанне аб нагнятанні сітуацыі ў шэрагу СМІ вакол маючых адбыцца вучэнняў, Андрэй Раўкоў сказаў: "Пішуць шмат. Трэба разумець адну рэч: калі праводзім парад у Мінску, таксама вельмі шмат пішуць, расказваюць страхі ўсялякія і ўсё астатняе. Парад заканчваецца, і ў 14 гадзін ужо не пішуць. Тое ж самае будзе і пасля вучэнняў".

Міністр падкрэсліў, што вучэнні "Захад-2017" - гэта планавае мерапрыемства, якое было намечана яшчэ ў 2009 годзе. "Таму нейкую істэрыю далей нагнятаць я сэнсу не бачу", - дадаў Андрэй Раўкоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі