Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2017, 16:17

Выстаўка новых распрацовак адкрылася ў НАН Беларусі да Дня навукі

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка новых распрацовак адкрылася сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі да Дня навукі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На выстаўцы можна ўбачыць і стэнды, прысвечаныя Беларускай касмічнай сістэме дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, і мадэль Беларускай антарктычнай станцыі, а таксама менш вядомыя распрацоўкі беларускіх вучоных.

Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі прадставіў распрацоўкі на аснове торфу, у тым ліку камбінаваныя ўгнаенні, адсарбенты. "Мы прадставілі камбінацыю па комплекснай перапрацоўцы, якая дае магчымасць сабраць у адным месцы вытворчасць усіх гэтых прэпаратаў на аснове торфу. Падабраны прыдатны тарфяны ўчастак. Гэты праект прапанаваны індустрыяльнаму парку "Вялікі камень". Кітайскія прадстаўнікі праяўляюць зацікаўленасць", - расказала загадчыца аддзела міжнародных сувязей, патэнтна-ліцэнзійнай і інфармацыйнай работы Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Святлана Гапеева.

На стэндзе Інстытута лесу НАН Беларусі выстаўлены клоны ўнікальных стараўзроставых дрэў - 800-гадовага і 580-гадовага дубоў. "Мы прывезлі на выстаўку чатыры распрацоўкі. Напрыклад, для захавання ўнікальных характарыстык стараўзроставых дрэў мы распрацавалі тэхналогіі кланіравання, - адзначыў загадчык аддзела інфармацыйнага забеспячэння і інавацыйнай дзейнасці Інстытута лесу НАН Беларусі Андрэй Навойчык. - Акрамя таго, тут прадстаўлена сістэма малекулярна-генетычнай дыягностыкі вірусных захворванняў ляснога пасадачнага матэрыялу. Аналагаў гэтай тэст-сістэмы на тэрыторыі СНД няма. Таксама мы стварылі генетычны банк насення лясных драўняных відаў Беларусі, які забяспечвае захаванне каштоўнага драўнянага генафонду. Яшчэ мы займаемся развіццём экалагічнага турызму ў Беларусі. На аснове нашых рэкамендацый ужо распрацавана больш за 70 экалагічных сцежак і маршрутаў".

Асобна на выстаўцы прадстаўлены распрацоўкі маладых вучоных. Малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі воднага абмену і фотасінтэзу раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Паліна Драгун прадэманстравала святлодыёдныя лямпы, якія распрацаваны Цэнтрам святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН. "Мы працуем разам і вызначаем рэгламент выкарыстання святлодыёдных лямп. Напрыклад, мы распрацоўваем спосабы падсветкі таматаў, бярозы, асіны", - расказала яна.

Усяго на выстаўцы прадстаўлена больш за 500 распрацовак. Экспазіцыя ўключае дасягненні і найбольш значныя вынікі навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Беларусі. Свае распрацоўкі прадставілі вучоныя і даследчыкі з 78 арганізацый краіны, у тым ліку з НАН Беларусі, міністэрстваў адукацыі, прамысловасці, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта і Міністэрства абароны, а таксама з інавацыйных прадпрыемстваў, тэхнапаркаў.

Дзень беларускай навукі адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю студзеня. У час святочных мерапрыемстваў арганізуюць навуковыя канферэнцыі, выстаўкі, дні адкрытых дзвярэй у навуковых, навукова-вытворчых арганізацыях і ўстановах вышэйшай адукацыі, уручаюць узнагароды прадстаўнікам акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, якія ўнеслі найбольш значны ўклад у развіццё навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі