Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 верасня 2016, 11:12

Выратавальныя ведамствы Беларусі і Расіі правядуць сумесныя вучэнні ў 2017 годзе - Вашчанка

26 верасня, Мінск /Алеся Серада - БЕЛТА/. Выратавальныя ведамствы Беларусі і Расіі правядуць сумесныя вучэнні ў 2017 годзе. Аб гэтым паведаміў 23 верасня журналістам міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка, падводзячы вынікі праведзенай у Магілёве сумеснай калегіі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, Міністэрства ўнутраных спраў Казахстана і Міністэрства Расійскай Федэрацыі па справах грамадзянскай абароны, надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вучэнні - найбольш эфектыўная магчымасць рыхтаваць нашых спецыялістаў рэагаваць на любыя сітуацыі. Яны пройдуць на тэрыторыі Расіі", - сказаў Уладзімір Вашчанка.

Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу ўдзельнікі калегіі ўдзялілі пытанням абароны аб'ектаў атамнай энергетыкі ад надзвычайных сітуацый. "Шмат спекуляцый цяпер узнікае вакол будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі. І наша задача зрабіць яе будаўніцтва і функцыянаванне бяспечным", - падкрэсліў міністр.

Намеснік міністра па справах грамадзянскай абароны, надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў Расійскай Федэрацыі Уладзімір Артамонаў таксама адзначыў, што самымі важнымі пытаннямі на пасяджэнні сталі забеспячэнне бяспекі АЭС, атэстацыя выратавальных атрадаў па методыцы ААН, прагназаванне і недапушчэнне надзвычайных сітуацый. "Спрагназаваць сітуацыю загадзя важна для забеспячэння бяспекі", - падкрэсліў Уладзімір Артамонаў.

У сваю чаргу намеснік міністра ўнутраных спраў Казахстана Юрый Ільін адзначыў, што казахскія спецыялісты разглядаюць магчымасць удзелу ў сумесных вучэннях з мэтай атрымання вопыту. "Пытанне рэагавання на трансгранічныя надзвычайныя сітуацыі актуальнае для нас", - растлумачыў ён.

Удзельнікі калегіі разгледзелі вопыт у галіне рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, характэрныя для зімовага перыяду, тэхналогіі маніторынгу і прагназавання. Ратавальнікі далі таксама ацэнку магчымых рызык, таксама з улікам правядзення ў 2017 годзе навучальных трэнінгаў і семінараў. На парадку дня было і выкарыстанне кіналагічных і выратавальных разлікаў пры рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з разбурэннем будынкаў і збудаванняў.

Калегія прыняла рашэнне аб правядзенні наступнага, пятага, пасяджэння сумеснай калегіі ведамстваў Беларусі, Расіі і Казахстана ў 2017 годзе ў Астане. Як растлумачыў Юрый Ільін, сустрэча адбудзецца ў час выстаўкі "ЭКСПА".

Калегія выратавальных ведамстваў у сучасным выглядзе існуе з 2012 года, калі ў Пскове на пасяджэнні сумеснай калегіі МНС Беларусі і Расіі ўключылі ў склад органа Казахстана.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі