6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акруговыя выбарчыя камісіі па ўсёй Беларусі зарэгістравалі 227 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў грамадзян для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, паведамілі БЕЛТА ў Цэнтрвыбаркаме Беларусі.
Паводле апошніх даных, у ЦВК было пададзена 330 заяў на рэгістрацыю такіх груп. Пры гэтым адна з іх адклікана, яшчэ ў чатырох выпадках атрыманы адмовы. Астатнія заявы пакуль апрацоўваюцца. Камісіі прадаўжаюць іх прымаць, але тэрміны ўжо завяршаюцца. Дакументы неабходна здаць не пазней за 7 ліпеня.
Больш за ўсё заяў пададзена ў Мінску - 88 (71 зарэгістравана, 2 адмовы), менш за ўсё - у Гродзенскай вобласці - 26 (18 зарэгістравана, астатнія ў апрацоўцы). Сярод вылучэнцаў, за якіх збіраюць або будуць збіраць подпісы ўжо зарэгістраваныя групы, 79 членаў палітычных партый: 20 - ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 13 - ад Партыі БНФ, 12 - ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", па 9 - ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Камуністычнай партыі Беларусі.
Партыі могуць вылучаць кандыдатаў не толькі праз збор подпісаў, але і на сваіх з'ездах. Акрамя таго, у перадвыбарнай гонцы маюць права ўдзельнічаць вылучэнцы ад працоўных калектываў.
Сярод прэтэндэнтаў, якія ідуць ад ужо зарэгістраваных гпуп, 148 чалавек - беспартыйныя.
Вылучэнне кандыдатаў пачалося 3 ліпеня і прадоўжыцца па 1 жніўня. Вылучаць кандыдатаў шляхам збору подпісаў можа толькі група, якая налічвае не менш як 10 чалавек і зарэгістравана ў акруговым выбаркаме.
Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 2 па 11 жніўня ўключна. Агітацыяй кандыдаты змогуць займацца з дня сваёй рэгістрацыі па 10 верасня. У дзень галасавання - 11 верасня - агітаваць ужо нельга.-0-