Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 ліпеня 2018, 17:13

Вучоныя гістарычнага факультэта БДУ пацвердзілі гіпотэзу паходжання славян з тэрыторыі беларускага Палесся

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вучоныя гістарычнага факультэта БДУ адкрылі паселішча старажытных славян канца II - першай паловы V стагоддзя нашай эры, пацвердзіўшы гіпотэзу іх паходжання з тэрыторыі беларускага Палесся, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ВНУ.

Унікальнае навуковае адкрыццё стала магчымым дзякуючы новым археалагічным знаходкам супрацоўнікаў і студэнтаў гістарычнага факультэта ля вёскі Яскавічы Салігорскага раёна. "На гэты момант на месцы паселішча Яскавічы знойдзена калекцыя дэталей касцюма і ўпрыгажэнняў канца II – IV стагоддзяў нашай эры з выемчатымі эмалямі, сярэбраная манета рымскага імператара Комада. Можна сцвярджаць, што тут дзейнічаў цэнтр па вытворчасці бронзавых упрыгажэнняў і, магчыма, вялася здабыча і апрацоўка жалеза. Серыя знаходак сведчыць аб тым, што жыхары гэтага паселішча на працягу амаль 200 гадоў падтрымлівалі кантакты са сваімі паўднёвымі і заходнімі суседзямі - гістарычнымі готамі, якія ў гэты час жылі на тэрыторыі сучаснай Украіны і паўднёва-заходняй Беларусі (насельніцтвам вяльбарскай і чарняхаўскай археалагічных культур)", - расказалі ў БДУ.

Найбольш яркая знаходка - бронзавы прадмет, які не мае аналагаў на тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. "Ён, верагодна, з'яўляецца наканечнікам ножан мяча. Выраблены ён быў для знатнага воіна і звязаны з мілітарнай культурай германскіх плямёнаў перыяду Вялікага перасялення народаў. На сённяшні дзень гэта найбольш позняя знаходка, якая можа звязвацца з вывучаемым помнікам. Яна дае падставы для гіпотэзы аб тым, што паселішча ў Яскавічах магло загінуць паміж 400-460 гадамі ў выніку набегу дружыны воінаў, якія ўдзельнічалі ў бітвах на тэрыторыі Падунаўя ў эпоху канца Рымскай імперыі", - адзначылі ў БДУ.

"Вынікі раскопак у Яскавічах даюць магчымасць меркаваць, што далейшыя археалагічныя даследаванні на беларускім Палессі дазволяць выявіць і іншыя помнікі, якія належаць да эпохі заключнага этапу этнагенезу славян, і тэорыя аб тым, што прарадзімай сучасных славянскіх народаў было менавіта Палессе, атрымае новыя пацвярджэнні", - перакананы кіраўнік археалагічных раскопак дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ Вадзім Белявец.

На гэты момант на месцы паселішча Яскавічы адкрыты шэраг пабудоў і аб'ектаў, што датуюцца канцом II – першай паловай V стагоддзя нашай эры. Каштоўнасць даследаванняў у тым, што вывучэнне артэфактаў дало магчымасць адкрыць невядомыя старонкі этнагенезу славян. Да гэтага часу не выяўлена і не вызначана тэрыторыя паходжання найбольш ранніх гістарычных славян і працэс іх фарміравання.

Агульнапрызнанай найбольш ранняй археалагічнай культурай з'яўляецца пражская, якая належыць гістарычным славянам V–VII стагоддзяў. Раннія яе помнікі былі адкрыты на тэрыторыі беларускага Палесся і Кіеўшчыны. У археалагічнай навуцы больш за 40 гадоў існуе гіпотэза выхаду продкаў сучасных славян з зямель беларускага Палесся. Гэта тэорыя падтрымліваецца шэрагам вядучых спецыялістаў у галіне раннеславянскай археалогіі. "Аднак беларускае Палессе да гэтага часу застаецца практычна белай плямай на археалагічных картах III–IV стагоддзяў - эпохі, якая папярэднічала станаўленню славян і з'яўленню іх на старонках пісьмовых крыніц", - падкрэсліў Вадзім Белявец.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі